Понедельник, 16 сентября 2024

Рэцэпты на Біс. Юшка па-роўбіцку ад Ірыны Параняк

334

Рэцэпт ад культработніка Роўбіцкага клуба-бібліятэкі Ірыны Параняк.

ІНГРЭДЫЕНТЫ:

на 5 літраў вады
рыба — прыкладна 1,5 кг,
бульба — 1 кг,
морква — 1 шт.,
цыбуля рэпчатая — 1 шт.,
цыбуля зялёная, зеляніна кропу, пятрушкі, часнок,
соль, перац — на смак,
галінкі чорнай парэчкі і вішні — 1 пучок,
гарэлка — не больш за 50 г.

ПРЫГАТАВАННЕ

Фактычна гэта вельмі просты рэцэпт, у якім няма нічога лішняга, хаця і свае сакрэты маюцца.

Па-першае, неабходна мець некалькі відаў рыбы. Напрыклад, для юшкі, якая варылася для свята вёскі ў Роўбіцку, я брала чырвоную рыбу, карася і ляшча.

Спачатку варым бульбу, парэзаную даволі буйнымі кубікамі, цыбулю, моркву. Калі бульба амаль гатовая, пасаліце варыва і кідайце ў яго пачышчаную і нарэзаную невялікімі кавалкамі рыбу. Яна варыцца вельмі хутка, мінут 10.

За некалькі мінут да гатоўнасці дадаём наш «сакрэтны інгрэдыент» — пучок галінак парэчкі і вішні. Паверце, гэта надасць асаблівы водар юшцы. Галінкі павінны пакіпець у супе 2-3 мінуты — і трэба іх вымаць.

Другі «сакрэт» — кілішак гарэлкі, якую ўліваюць у юшку таксама мінут за 7-10 да гатоўнасці. Зразумела, гэта неабавязкова, але падобны трук прыбірае магчымы непрыемны пах рачной рыбы і дадае булёну празрыстаці. А спірт у гарачай вадзе амаль поўнасцю выпарваецца.

І апошнімі дадаём пасечаную зеляніну і часнок (летам дарэчы выкарыстаць часночныя стрэлкі). Здымаем з агню і даём мінут 15 настаяцца пад накрыўкай.

Смачна есці!