Среда, 30 апреля 2025

Рэцэпты на Біс: ялавічына з чарнаслівам

735

Рэцэпт ад афіцыянта рэстарана Нацыянальнага парку «Белавежская пушча» Аляксея Бульчука.

Ёсць кулінарныя спалучэнні, якія ідэальна дапаўняюць адзін аднаго. Хочацца расказаць пра адзін з такіх прыкладаў. Нятлустая ялавічына і саладкаваты чарнасліў, якія аддалі свае самыя апетытныя сокі падліўцы, не пакінуць абыякавым нікога. Мяса гатуецца няхутка, але ў выніку атрымліваецца вельмі смачная духмяная страва.

ІНГРЭДЫЕНТЫ:
ялавічына – 500 г,
чарнасліў – 20 штук,
цыбуля рэпчатая – 3 шт.,
вада – 0,5 літра,
таматны соус, соль, перац – на смак,
алей для смажання.

ПРЫГАТАВАННЕ
Мяса прамыць, прыбраць плеўкі і пражылкі, парэзаць буйнымі кавалкамі (так яно будзе больш сакавітым), выкласці на разагрэтую патэльню і абсмажыць на алеі да румянай скарынкі.

Дадаць парэзаную паўколцамі цыбулю і смажыць яшчэ 3-4 мінуты. Потым дадаць таматны соус, соль і перац. Усё змяшаць і ўліць паўлітра кіпеню. Тушыць пад накрыўкай на павольным агні паўгадзіны.

Потым дадаць прамыты і парэзаны на палавінкі чарнасліў і тушыць да гатоўнасці ялавічыны. Мяса ў канцы прыгатавання павінна распадацца на валокны.

На гарнір падыдуць адварная бульба, рыс, агародніна, макароны.

Смачна есці!