Рэцэпт ад удзельніцы клуба «Магія кулінарыі» пры аддзяленні дзённага знаходжання для людзей пажылога ўзросту Пружанскага ТЦСАН Алы Мікалаеўны Байко.
ІНГРЭДЫЕНТЫ:
яйкі — 3-4 шт.,
цукар — 1-3 ч. лыжкі,
смятана — 1 ст. лыжка,
малако — 1 ст. лыжка,
дробка солі, мука, алей для смажання, прыкладна 300 мл, цукровая пудра для пасыпкі.
ПРЫГАТАВАННЕ
Можна сказаць, што гэта — рэцэпт маёй маладосці: знайшла яго ў даўнія гады ў нейкім часопісе і перыядычна выпякаю для святочнага стала. Выглядае смачная выпечка вельмі прыгожа, незвычайна, гатуецца даволі хутка, а па кошце атрымліваецца нядорага.
Змешваем яйкі, цукар (яго можна пакласці больш ці менш згодна з вашымі прыярытэтамі), смятану, малако, крыху солім. Дадаём муку. Колькасць яе не пазначаю, колькі ўвойдзе, каб замясіць вельмі крутое цеста.
Раскачваем цеста рукамі ў каўбаску, наразаем кавалачкамі. Кожны кавалачак раскачваем скалкай вельмі тонка ў ляпёшку.
Цяпер будзем нашыя «лісічкі» смажыць. Наліваем алей у высокі металічны посуд (у мяне для гэтай мэты існуе кубак ёмістасцю 700 г), добра разаграваем. Апускаем паасобку кожны кружок цеста ў алей, прыціскаем драўлянай палачкай сярэдзіну і так трымаем. У выніку краі цеста ўздымаюцца, мудрагеліста закручваюцца.
Смажым да залацістага колеру. З гэтай колькасці цеста атрымліваецца 22-25 штук.
Калі хвораст астыне, пасыпаем яго цукровай пудрай.
Смачна есці!