Воскресенье, 13 октября 2024

Рэцэпты на Біс. Вяленыя памідоры ад бібліятэкара Мураўскай сельскай бібліятэкі Алены Усік

257

Рэцэпт ад бібліятэкара Мураўскай сельскай бібліятэкі Алены Яўгенаўны Усік

ІНГРЭДЫЕНТЫ:

памідоры — 1,5 кг,
часнок — 6 зубчыкаў,
соль, цукар, чорны перац — на смак,
сухія прыправы — 1-2 ст. лыжкі,
алей сланечнікавы або аліўкавы — 150 г.

ПРЫГАТАВАННЕ

Калі толькі пачала рабіць гэтую смачную закуску, паэксперыментавала: спрабавала вяліць памідоры і ў духоўцы, і на сонцы. Больш за ўсё спадабалася рабіць гэта ў электрасушылцы.

Памідоры бяру невялікія, але мясістыя (вельмі падыходзіць сорт «сліўка»), добра мыю, абсушваю, разразаю напалам і лыжачкай дастаю мякаць. Можна рабіць з мякаццю, але часу на сушку тады спатрэбіцца значна больш.

Атрыманыя памідорныя лодачкі раскладваю зрэзам уверх, пасыпаю соллю, цукрам, перцам і прыправамі (мне больш за ўсё падабаецца арэгана, а таксама праванскія травы). Час вялення вызначаецца на вока: памідоры павінны зменшыцца ў памеры, пацямнець, але заставацца мяккімі, не ламацца. У мяне працэс заняў прыкладна суткі.

Вяленыя памідоры шчыльна ўкладваю ў невялікія прастэрылізаваныя слоікі, пераслойваючы часнаком. Заліваю алеем. Па арыгінальным рэцэпце рэкамендуюць аліўкавы, ды мы да яго не прывыклі, выкарыстоўваю рафінаваны сланечнікавы.

Слоікі для працяглага захоўвання стэрылізую 5-10 мінут, пасля закручваю.

Калі няма магчымасці захоўваць памідоры ў халадзільніку або халодным склепе, можна дадаць у кожны слоік па 1 чайнай лыжцы воцату.

Але, зыходзячы з уласнага вопыту, скажу, што доўга такая загатоўка не стаіць: з’ядаецца ўмомант.

Смачна есці!