Рэцэпт ад вядучага агранома-дзяржінспектара Пружанскай раённай дзяржінспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Алены Клім.

ІНГРЭДЫЕНТЫ (на тры порцыі):
цёплае малако — 100 г,
яйкі — 2 шт.,
цукар — 70 г,
ванільны цукар — 20 г,
дрожджы — 7 г сухіх або 21 г жывых,
цэдра аднаго лімона ці апельсіна,
сметанковае масла — 30 г,
соль — 1/4 ч.л.,
мука — 350 г.
Асобна спатрэбяцца яшчэ сметанковае масла — 100 г, сухафрукты — 140-160 г.
ПРЫГАТАВАННЕ:
Спачатку трэба прыгатаваць рошчыну: злучыць цёплае малако, дрожджы, тры сталовыя лыжкі мукі (з агульнай колькасці), палову сталовай лыжкі цукру. Усё добра перамяшаць і пакінуць у цёплым месцы на 10 мінут.
Асобна злучыць яйкі, цэдру, соль, астатні цукар, ванільны цукар, сметанковае масла (30 г) і добра перамяшаць, пасля дадаць сюды рошчыну. Паступова ўвесці муку (надта многа яе не дадаваць, цеста павінна быць мяккім і злёгку ліпкім).
Цеста пакласці ў міску, паставіць у цёплае месца на адну гадзіну. Затым раздзяліць на тры часткі і яшчэ на пяць мінут пакінуць пад харчовай плёнкай.
Рабочую паверхню прысыпаць мукой. Раскатаць адзін камячок цеста ў прамавугольнік таўшчынёй два міліметры. На цеста нанесці тонкім слоем прыблізна 30 грам сметанковага масла пакаёвай тэмпературы (1/3 частку ад 100 г), раўнамерна размеркаваць сухафрукты (таксама трэцюю частку ад агульнай колькасці) і згарнуць у рулет. Пасля разрэзаць яго ўздоўж і сфарміраваць куліч рулецікам. Тое ж самае зрабіць з дзвюма астатнімі часткамі цеста. Накрыць будучыя кулічы ручніком, на 30-40 мінут пакінуць у цёплым месцы.
Выпякаць у разагрэтай да 170 градусаў духоўцы 25-30 мінут.
Для ўпрыгажэння пасыпаць цукровай пудрай або пакрыць глазурай.
Смачнага і духмянага вам Вялікадня!
