Пятница, 13 декабря 2024

Рэцэпты на Біс. Торт з пернікаў ад Алены Крупчук

230

Рэцэпт ад удзельніцы клуба «Магія кулінарыі» пры аддзяленні дзённага знаходжання для людзей пажылога ўзросту Пружанскага ТЦСАН Алены Іванаўны Крупчук.

Мая сям‘я заўсёды любіла выпечку, і я ішла ім насустрач, прыдумвала рэцэпты. Радую блізкіх і цяпер, але ж, напрыклад, піражкі ці чабурэкі, якія любіць унук, патрабуюць часу на прыгатаванне, а такі торцік — вельмі хуткі варыянт. Нехта скажа, што тут шмат калорый. Так, таму цукар у смятану не дадаю і нанач аб‘ядацца смакоццем не раю. Але ж гэта не значыць, што трэба наогул адмаўляцца ад усяго.

ІНГРЭДЫЕНТЫ:

пернікі (могуць быць імбірныя або шакаладныя) — 600 г,
смятана — 2 баначкі па 500 г,
фрукты любыя: банан, ківі, апельсін, мандарын,
шакалад чорны.

ПРЫГАТАВАННЕ

Разразаем пернікі ўздоўж на палавінкі, выкладваем слоем на талерку, змазваем смятанай, дадаём крышку фруктаў, нарэзаных кавалачкамі. Выкладваем другі слой пернікаў, зноў змазваем смятанай, дадаём фрукты. Калі пернікі засталіся, робім трэці слой і гэтак далей.

Зверху заліваем рэшткамі смятаны, упрыгожваем фруктамі, на буйной тарцы націраем шакаладку.

Каб торт набрак, ставім яго на некалькі гадзін у халадзільнік.

Смачна есці!