Среда, 15 января 2025

Рэцэпты на Біс. Торт «Мядовік» заварны ад бухгалтара Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Пружанскага раёна Наталлі Серай

162

Рэцэпт ад бухгалтара Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Пружанскага раёна Наталлі Серай.

Выпечкай тортаў я захапілася даўно, паспрабавала розныя варыянты. Асабліва маёй сям‘і і сябрам даспадобы класічныя «Напалеон» і «Мядовік». Але калі на ўпрыгожанне першых сваіх вырабаў звяртала менш увагі, то цяпер падабаецца прыдумваць афармленне. Асвоіла некалькі розных тэхнік, каб радаваць дзяцей і чатырох унучак на дні нараджэнняў і розныя святы. Хутка 8 Сакавіка і, спадзяюся, зноў на нашым святочным стале з‘явіцца вялікі торт па любімым рэцэпце. Прапаную яго і вам.

ИНГРЭДЫЕНТЫ:

для цеста
мёд — 3 ст. лыжкі,
масла сметанковае — 100 г,
яйкі — 3 шт.,
цукар — 1 шклянка,
мука — 4 шклянкі,
сода пітная — 2 ч. лыжкі,
для крэму сметана (лепш тлустая) — 1 літр,
цукар — 1 шклянка,
ванілін — 1-2 пакецікі.

ПРЫГАТАВАННЕ:

Мёд, сметанковае масла і шклянку цукру злёгку змешваем і ставім на вадзяную лазню да поўнага раставання цукру. Даём крыху астыць, дадаём яйкі і соду, зноў ставім на вадзяную лазню, пастаянна памешваючы, варым 10 мінут. Маса павінна павялічыцца ў два разы. Здымаем з агню і паступова дадаём прасеяную муку, добра вымешваючы (не варта ўсыпаць усю муку адразу, яе можа спатрэбіцца крыху менш ці больш, чым у мяне).

Цеста павінна атрымацца мяккае, але не ліпнуць да рук. Раздзяляем яго на 6-8 частак, раскачваем кожную на блясе, пакрытай пергаментам каржы. Наколваем кожны відэльцам і выпякаем у духоўцы, нагрэтай да 180 градусаў 5-7 мінут (чым танчэй атрымаюцца каржы, тым хутчэй яны прапякаюцца). Яшчэ цёплыя каржы абразаем да патрэбнага дыяметра (абрэзкі потым здрабнім у блэндары для пасыпкі гатовага торта).

Узбіваем смятану з цукрам і ванілінам да пышнай пены. Калі смятана недастаткова тлустая і расцякаецца, можна дадаць загушчальнік.

Цяпер прамазваем каржы крэмам і збіраем торт. Зручна рабіць гэта ў спецыяльным кальцы, каб атрымаўся роўным. Ставім на ноч для насычэння ў халадзільнік, а раніцай здымаем кальцо і абсыпаем крошкай са здробненых абрэзкаў. Упрыгожваем на свой густ.

Смачна есці!