Рэцэпт ад зубнога фельчара Роўбіцкага ФАПа Марыны Канстанцінаўны Пракопчык.
ІНГРЭДЫЕНТЫ:
для бісквіту —
яйкі — 4 шт.,
цукар — 1 шклянка,
мука — 1 шклянка,
соль — дробка;
для прапіткі — сок;
для крэму (начынка) —
малако згушчанае (можна выкарыстоўваць вараную згушчонку) — 1 бляшанка,
масла сметанковае — 200 г,
пакецік ваніліну, банан або любыя сезонныя фрукты і ягады;
бялкова-заварны крэм для ўпрыгажэння —
яечныя бялкі (ад буйных яек) — 4 шт.,
соль — дробка,
цукар — 280 г,
вада — 100 мл,
лімонная кіслата — 1/4 чайнай лыжкі,
ванілін.
ПРЫГАТАВАННЕ
Узбіваем яйкі міксерам у пышную пену, падчас узбівання дадаём дробку солі, цукар. Час узбівання залежыць ад міксера, у сярэднім спатрэбіцца мінут 5-7. У гэтую далікатную масу ўводзім прасеяную муку, перамешваючы ўжо не міксерам, а лапатачкай, каб не парушыць структуру. Ставім у разагрэтую да 180 градусаў духоўку, выпякаем 30-40 мінут.
Гатовы бісквіт гарачым разразаем на два каржы. Калі астынуць, я прапітваю іх любым сокам са сваіх дамашніх загатовак: вішнёвым, абрыкосавым — які ёсць.
Для крэму ўзбіваем згушчонку з маслам, змазваем каржы. Каб было яшчэ смачней, кладзём ягады маліны ці клубніц, нарэзаныя тоненькімі слайсамі банан або абрыкосы.
Упрыгожваем па ўласнай фантазіі і гусце. Торт, выпечаны да свята аг. Роўбіцк, я ўпрыгожыла бялкова-заварным крэмам. Для яго прыгатавання яечныя бялкі ўзбіваем з дробкай солі ў моцную пену. Паралельна гатуем сіроп: змешваем цукар, ваду, лімонную кіслату, ванілін і кіпяцім сем мінут. Працягваючы ўзбіваць бялкі, уліваем у іх тоненькім струменьчыкам кіпячы сіроп. Працягваем узбіваць да з‘яўлення стойкіх пікаў (8-10 мінут).
Смачна есці!