Вторник, 21 января 2025

Рэцэпты на Біс. Торт «Баўнці» ад бухгалтара ААТ «Пружанскае» Святланы Паляшчук

237

Рэцэпт ад бухгалтара ААТ «Пружанскае» Святланы Паляшчук.

ІНГРЭДЫЕНТЫ:

тварог абястлушчаны — 300 г,
стружка какосавая — 60 г,
яйка курынае — 6 шт.,
малако — 150 мл,
жэлацін — 1 пакецік (14 г),
какосавы алей — 3 ст. лыжкі,
какава — 2 ст. лыжкі,
замяняльнік цукру (стэвія) — на смак.

ПРЫГАТАВАННЕ:

Аддзяляем бялкі ад жаўткоў і ўзбіваем да моцных пікаў. Дадаём какосавую стружку, стэвію і акуратна змешваем.

Форму для выпякання высцілаем пергаментнай паперай, выкладваем на яе бялковую масу і адпраўляем у разагрэтую да 150 градусаў духоўку на 50 мінут (да з’яўлення румянай скарыначкі).

Гатуем крэм: змешваем малако з двума жаўткамі і заварваем, памешваючы, 10 мінут.

Замочваем жэлацін, затым палову з яго дадаём у крэм, добра змешваем і выключаем агонь.

Змешваем тварог, стэвію і крэм, узбіваем усё гэта ў блэндары працяглы час да стану мусу.

Вымаем з духоўкі аснову торта, дастаём яе з формы і тоўстым пластом наносім крэм. Адпраўляем у халадзільнік.

Гатуем глазуру: на пары растопліваем какосавы алей, какаву і другую палову жэлаціну. Атрыманай глазурай пакрываем увесь торт зверху і па баках і зноў адпраўляем у халадзільнік.

Смачна есці!