Воскресенье, 15 марта 2026

Рэцэпты на Біс. Свініна ў «футры» ад дырэктара Пружанскай ЦБС Таццяны Гуторкінай

352

Рэцэпт ад дырэктара ДУК «Пружанская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма» Таццяны Гуторкінай.

Гэты рэцэпт я гадоў 15 таму знайшла ў кулінарным часопісе, так што ён, можна сказаць, правераны часам. Мяса ў бульбяным «футры» вельмі спадабалася маёй сям‘і, тым больш што можна падаць яго і да святочнага стала. Гарнір да такога мяса непатрэбны. Страва прыгожа глядзіцца на вялікім плоскім блюдзе, з раскладзенымі вакол свежымі або салёнымі нарэзанымі агуркамі, памідорамі, лісцем салаты.

Інгрэдыенты:
свіная паляндвіца — прыкладна 0,7-1 кг,
мука — 2 ст. лыжкі,
алей для смажання;

для «футра»:
бульба буйная — 3-4 шт.,
яйкі — 2 шт.,
мука — 3 ст. лыжкі,
смятана — 2 ст. лыжкі,
цыбуля — 1 шт.,
часнок — 3-4 зубчыкі,
зеляніна пятрушкі, кропу, сельдэрэю — 1 пучок,
соль, перац на смак;

для заліўкі:
смятана — 200 г.

Прыгатаванне
Паляндвіцу наразаем кавалкамі таўшчынёй 1 см, адбіваем (лепш гэта рабіць у поліэтыленавым пакеце, каб не пырскала), абвальваем у муцэ.

Націраем на буйной тарцы бульбу, убіваем яйкі, дадаём муку, 2 ст. лыжкі смятаны, здробненыя цыбулю і часнок, усё гэта добра размешваем, солім, перчым.

У гэтай сумесі абвальваем кожны кавалак мяса. Смажым у вельмі гарачым алеі 3-4 мінуты — да румянай скарыначкі з абодвух бакоў.

Абсмажанае мяса выкладваем на бляху, змазаную алеем, заліваем смятанай, ставім у разагрэтую духоўку і даводзім да гатоўнасці.

У патэльні, дзе смажылася мяса, можна дадаткова абсмажыць дробна пасечаны часнок і пакласці яго на мяса.

Смачна есці!