Четверг, 16 января 2025

Рэцэпты на Біс: свіная карэйка ў абрыкосавай глазуры

830

Рэцэпт ад індывідуальнага прадпрымальніка Яўгена Валюкевіча

Калі вы шукаеце страву для святочнага стала, то абавязкова паспрабуйце прыгатаваць свіную карэйку па гэтым рэцэпце. Сакрэт заключаецца ў асаблівым марынадзе, да якога вы можаце дадаць свае любімыя спецыі, каб надаць яму непаўторны водар.

ІНГРЭДЫЕНТЫ на 5 порцый:
свіная карэйка — 1,5 кг,
кіслы яблык – 1 шт.,
цыбуля рэпчатая — 3 шт.,
бекон — 400 г,
абрыкосавы джэм, яблычны воцат і аліўкавы алей – па 2 ст.л.,
спецыі для свініны (на смак).

ПРЫГАТАВАННЕ
Вымыць свіную карэйку, абсушыць яе і выдаліць лішкі тлушчу і плёнкі з паверхні мяса. Надрэзаць мяса тонкімі (0,5 см) лустачкамі, але не разразаць да канца.

У місцы змяшаць прыправу для свініны з аліўкавым алеем, воцатам і абрыкосавым джэмам. Атрыманы марынад уцерці ў надрэзы. Дарэчы, абрыкосавы джэм можна замяніць мёдам, журавінавым або кляновым сіропам і нават варэннем з чорнай парэчкі.

Укласці ў надрэзы долькі яблыка і колцы цыбулі.

Пакласці лустачкі бекону на мяса і паставіць у разагрэтую да 180 градусаў духоўку на 1,5 гадзіны.

Гатовую страву падаюць з запечанай бульбай і свежай салатай з агародніны і зеляніны. Светлы або цёмны соус таксама выдатна падыдзе ў якасці дадатку да смажанага.

Смачна есці!