Понедельник, 13 января 2025

Рэцэпты на Біс: сметанковыя трубачкі

319

Рэцэпт ад галоўнага спецыяліста аддзела пенсій і дапамог упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталлі Ляўчук.

ІНГРЭДЫЕНТЫ:
кефір, натуральны ёгурт або смятана — 150 г,
яйка — 1 шт. для цеста і жаўток для змазвання,
цукар — 150 г,
масла сметанковае — 100 г,
мука — 300 г (каля 2-х шклянак),
разрыхляльнік — 1 чайная лыжка,
ванілін, дробка солі;
начынка — на ваш смак: тварог, вараная згушчонка, шакаладная паста і інш.

ПРЫГАТАВАННЕ
Яйка ўзбіваем з цукрам, ванілінам і соллю, дадаём размякчанае масла, пераціраем да аднастайнасці. Усыпаем у гэтую масу прасеяную і змяшаную з разрыхляльнікам муку. Дарэчы, калі ў якасці разрыхляльніка выкарыстоўваеце соду, гасіць яе не трэба: з гэтай задачай справіцца кефір.

Вымешваем цеста, яно павінна быць мяккім і падатлівым. Накрываем сурвэткай і пакідаем на 20 мінут.

Пасля гэтага дзелім цеста на парцыённыя кавалачкі і скачваем «калабкі». Кожны «калабок» раскачваем скалкай у тонкую ляпёшку, на адзін край якой выкладваем начынку. Калі на супрацьлеглым краі ляпёшкі зрабіць некалькі прадольных разрэзаў, наша пячэнне будзе больш прыгожым. Згортваем у трубачку. Выкладваем пячэнне на бляху, засланую пергаментам, зверху змазваем узбітым жаўтком. Выпякаем пры 180 градусах каля 20 мінут.

Такое пячэнне выглядае вельмі прывабна і дастойна ўпрыгожыць нават святочны стол.

Смачна есці!