Воскресенье, 12 января 2025

Рэцэпты на Біс: слоеныя гнёзды «Святочныя»

785

Рэцэпт ад бухгалтара УРГ «Раённыя будні» Рымы Паляшук.


Шчыра прызнаюся, што гатоўка — гэта мой любімы хатні занятак. Ёсць у мяне рэцэпты, якімі карыстаюся дзесяцігоддзямі, але люблю і эксперыментаваць з новымі. Рэцэпт гэтых «гнёздаў», дарэчы, мне падказала калега па рабоце. Ён падабаецца мне сваёй прастатой, але ў той жа час страва можа ўпрыгожыць любы святочны стол. Спачатку я сапраўды гатавала яе да прыходу гасцей падчас сямейных урачыстасцяў, але ў хуткім часе яна стала адной з любімых страў маіх дзяцей. І цяпер, калі дарослыя дзеці прыязджаюць у бацькоўскую хату, я дакладна ведаю, чым буду частаваць іх у першую чаргу.

ІНГРЭДЫЕНТЫ:
мясны фарш (свіны або свіна-ялавічны) — 400 г,
любыя свежыя грыбы — 400 г,
цыбуля — 3-4 штукі,
слоена-дражджавое цеста (можна проста слоенае) — 1 пачак,
цвёрды сыр — 200 г,
соль, маянэз, прыправы, зеляніна, алей.

ПРЫГАТАВАННЕ
Цеста злёгку раскатаць, выразаць вялікія кружочкі і выкласці іх у формачкі для выпякання кексаў. Кружочак павінен закрываць не толькі дно, але і сценкі.
Фарш запраўце па сваім гусце (я дадаю нацертую на дробнай тарцы цыбулю, соль і прыправы) і невялічкія шарыкі выкладзіце на цеста. Абсмажце грыбы разам з цыбуляй і пакла-дзіце на фарш. Зрабіце маянэзную сетачку.
Зверху засыпце цёртым сырам і пастаўце ў духавую шафу на 15-20 мінут пры тэмпературы 190 градусаў.
Гатовую страву можна ўпрыгожыць зелянінай. «Гнёзды» смачныя і ў халодным выглядзе, але лепш іх каштаваць з полымя-з жару, так яны больш сакавітыя.
Смачна есці!