Рэцэпт ад галоўнага бухгалтара УРГ «Раённыя будні» Таццяны ПЯТРАНЬ.

Гэты рэцэпт з’явіўся ў нашай сям’і ў гады татальнага дэфіцыту 80-х гадоў, калі звычайныя шпроты было немагчыма «дастаць».
Прайшло шмат гадоў, і на паліцах сучасных магазінаў, не кажу ўжо пра супер- і гіпермаркеты, можна знайсці любы тавар і прадукт. Тыя ж шпроты — ад любога вытворцы. Я з задавальненнем карыстаюся рознымі навінкамі на сваёй кухні, люблю эксперыментаваць з прадуктамі. Але «маміны шпроты» засталіся ў нас адной з самых любімых страў.
Яшчэ адзін «плюс» хатняга іх прыгатавання: смачнай рыбы атрымліваецца многа.
ІНГРЭДЫЕНТЫ:
кілька марожаная — 1,2 кг,
сухая чайная заварка (можна выкарыстоўваць шалупінне цыбулі) — 1 ст.л. на шклянку кіпеню,
алей — 100 г,
соль — 1 ч.л.,
цукар — 0,5 ч.л.,
лаўровы ліст, перац-гарошак.
ПРЫГАТАВАННЕ
Пачысціць кільку. На дно каструлі выкласці лаўровыя лісцікі, затым акуратнымі пластамі рыбу. Заліць настоенай і астуджанай заваркай, дадаць соль, цукар і перац.
Гатаваць на невялікім агні дзве гадзіны пад шчыльнай накрыўкай. У апошнія 30 мінут накрыўку неабходна зняць, каб лішкі вільгаці выпарыліся, і пасля гэтага ўліць алей.
Гатовыя «шпроты» можна дадаваць у салаты, рабіць з імі бутэрброды ці ўжываць як самастойную страву.
Смачна есці!