Среда, 30 апреля 2025

Рэцэпты на Біс. Салата «Вінаградная гронка» ад жыхаркі Пружан Алены Бабрук

248

Рэцэпт ад жыхаркі г. Пружаны Алены Бабрук

Мне падабаецца незвычайна афармляць стравы. Гэта няцяжка, але нават простая ежа ўпрыгожыць святочны стол. Напрыклад, можна выкласці звычайную салату аліўе ў форме вожыка (замест калючак выкарыстоўваем кавалачкі чорных маслін). Халадзец заліць не ў міску, а ў бутэльку з-пад малака, а калі застыне, зняць яе, з кавалачкаў каўбасы зрабіць «вушкі» і «пятачок», з гарошынак перцу — «вочкі», атрымаецца парася. Прыгожа глядзіцца на стале і гэтая салата.

ІНГРЭДЫЕНТЫ:

курыная грудка — 250 г,
яйкі — 3 шт.,
сыр цвёрдых гатункаў — 150 г,
вінаград — 400 г,
маянэз — прыкладна 100 г,
алей — 1 ст. лыжка,
соль, прыправа кары — на смак,
зеляніна для ўпрыгажэння.

ПРЫГАТАВАННЕ:

Курыную грудку адварваем у падсоленай вадзе, наразаем кубікамі, абсмажваем на патэльні з алеем і кары (літаральна некалькі мінут, не перасушыце!). Яйкі варым укрутую і дробна наразаем, сыр націраем на тарцы.

Выкладваем салату на плоскай талерцы слаямі, у форме вінаграднай гронкі. Першы слой — курыца (робім на ім маянэзную сетачку), другі — яйкі, трэці — сыр. Зверху таксама змазваем маянэзам. Віна-градзіны разразаем напалам, калі ёсць костачкі — выдаляем. Шчыльна адна да адной выкладваем палавінкі вінаграду на салату. Упрыгожваем любой зелянінай (калі ёсць вінаградныя лісцікі, яны будуць глядзецца лепш за ўсё).

Смачна есці!