Понедельник, 13 января 2025

Рэцэпты на Біс. Салата «Чарапашка» ад дырэктара музея-сядзібы «Пружанскі палацык» Ангеліны Маруфенка

220

Нядаўна ў «раёнцы» друкавалі рэцэпт салаты з вінаградам. А я магу прапанаваць іншы яе варыянт, які падабаецца маёй сям’і і сябрам. Даступныя прадукты, нескладанае прыгатаванне і эфектны выгляд робяць яе незаменнай для святочнага стала.

ІНГРЭДЫЕНТЫ:

філе курынае — 150 г,
яйкі — 4-5 шт.,
ананасы кансерваваныя — 200 г,
сыр — 100 г,
арэхі грэцкія — 50 г,
маянэз — 100-120 г,
вінаград без костачак для ўпрыгажэння.

ПРЫГАТАВАННЕ

Курынае філе адварыць, дробна парэзаць або разабраць на валокны. Яйкі адварыць укрутую, адно з іх пакінуць для афармлення салаты, а астатнія нацерці на буйной тарцы — жаўткі і бялкі паасобку. Сыр нацерці на сярэдняй тарцы. Ачышчаныя арэхі здрабніць у блэндары ці ў ступцы (таксама пакінуць для афармлення 4 палавінкі).

На вялікае блюда нанясём сетачку з маянэзу. Цяпер выкладваем першы слой — курынае філе, фарміруючы ў выглядзе авала. На яго (і кожны далейшы слой) дадаём крыху маянэзу. Прыціскаць і ўшчыльняць слаі не трэба.

Другі слой — здробненыя арэхі, за імі — нацертыя яечныя бялкі, потым — ананасы, сыр. Зноў змазваем маянэзам, дадаём слой яечных жаўткоў.

А цяпер робім чарапашку: з цэлага яйка зробім галаву (замест вочак — гваздзічкі ці гарошынкі перцу), «спінку» ўпрыгожваем палавінкамі вінаграду, а палавінкі арэхаў — гэта «лапкі».

Паставім салату ў халадзільнік на 1-2 гадзіны для насычэння. І чакаем гасцей.

Смачна есці!