Рэцэпт ад адказнага сакратара газеты «Раённыя будні» Вольгі БАСАК — маладой мамы ў дэкрэтным адпачынку.

У маёй кулінарнай кнізе ёсць асаблівы рэцэпт пячэння. Што незвычайнага ў ім? Не толькі смак (хаця наўрад ці нешта падобнае можна набыць у магазіне): гэтае пячэнне проста пахне дзяцінствам і з’яўляецца своеасаблівай памяццю пра маю бабулю Ліду. Яна была сапраўднай чараўніцай на кухні, таму па просьбах аднавяскоўцаў часта дапамагала гатаваць на вяселлі. У шэрагу фірменных страў абавязкова было і пячэнне, якое я называю проста – «Бабуліна».
Ды толькі гатаваць гэты ласунак мяне навучыла не яна: бабулі не стала вельмі рана… Ужо ад мамы я даведалася, што, аказваецца, фігуркі вавёрачак і зайчыкаў, лісак і пеўнікаў можна выціскаць не толькі з пластыліну ці мокрага пяску, але і з самага сапраўднага цеста, у чым дапамагаюць спецыяльныя формачкі. Такое «жывое» дамашняе пячэнне ў нас разыходзілася імгненна: гэта ж так цікава дзіцяці з’есці, напрыклад, «вавёрачку», асабліва калі сам яе спёк! Сёння я ўжо без мамінай дапамогі гатую «Бабуліна» пячэнне і вельмі чакаю таго часу, калі мой сынок будзе дапамагаць мне ў гэтым.
ІНГРЭДЫЕНТЫ:
маргарын – 4 пачкі,
малако – 1 шклянка,
дрожджы свежыя – 50 г,
цукровая пудра –
1 шклянка,
мука.
ПРЫГАТАВАННЕ
Маргарын нацерці на тарцы, дадаць цёплае малако і дрожджы, разведзеныя ў невялікай колькасці вады. Замясіць эластычнае цеста, адразу раскатаць яго ў пласт, таўшчынёй каля сантыметра, і з дапамогай спецыяльных формачак для пячэння выціснуць фігуркі зайчыкаў, вавёрачак і інш…
Выпякаць «смачных звяркоў» 20-25 мінут.
Даць пячэнню крыху астыць, а пасля абкачаць кожную фігурку ў цукровай пудры.
Порцыя атрымліваецца даволі вялікая, але не сумнявайцеся: пячэнне знікне хутка!
Смачна есці!