Суббота, 8 февраля 2025

Рэцэпты на Біс: пірожнае «Дамскія пальчыкі»

759

Рэцэпт ад загадчыцы аддзела пісьмаў і грамадскай думкі УРГ «Раённыя будні» Марыны ВАКУЛЬСКАЙ.


Я не з тых, хто губляе прытомнасць, калі трэба накрыць стол для прыёму гасцей: гатаваць я ўмею і люблю. Як цяпер памятаю, першая самастойна прыгатаваная мною страва — суп са шчаўя, і было гэта ў сёмым класе. Мама гаворыць, што кулінарныя здольнасці дасталіся мне ад бабулі — яе свекрыві, якая ўмела літаральна з нічога прыгатаваць шыкоўную страву. Да слова, менавіта яна навучыла маму, сельскую дзяўчыну, не проста смачна, але і прыгожа гатаваць: паказвала, якімі кавалачкамі ў якую страву рэжацца бульба, як гатуюцца тыя ці іншыя далікатэсы. Гэтыя веды мама пазней перадала і мне.
Хаця я была яшчэ малая, але добра памятаю той час, калі ўсе звярталіся да жанчын-каравайніц, а знаёмыя і суседзі бабулі Камы прасілі яе напячы хрусткага смачнага «хворасту», які раставаў у роце (на жаль, яго рэцэпт згубіўся), а таксама духмяных, прыгожа аздобленых бісквітных бабак і адкрытых пірагоў. Выпечка была, як сёння кажуць, яе «фішкай». Як цяпер і маёй. У маёй кулінарнай кнізе шмат рэцэптаў тартоў, кексаў, пірожных: складаных і лёгкіх па прыгатаванні, з простымі і экзатычнымі складнікамі…
Але, як у той прымаўцы, што дзеду міла, то ўнуку гніла. Таму, калі збіраюся пячы салодкі пачастунак для гасцей, стараюся спыніць выбар на тым, што прыйдзецца па смаку ўсім. Для мяне такім бяспройгрышным варыянтам з’яўляецца пірожнае «Дамскія пальчыкі».

Інгрэдыенты:
для цеста
вада — 1,5 шклянкі,
масла сметанковае або маргарын — 150 г,
мука — 1,5 шклянкі,
яйкі курыныя — 5-6 штук
для крэму
смятана — 400 г,
цукар — 1,5 шклянкі.
ПРЫГАТАВАННЕ
У каструлі даводзім да кіпення ваду і кідаем туды кубікамі нарэзанае масла. Як толькі яно цалкам растопіцца, у кіпень высыпаем муку і здымаем з агню. Усё інтэнсіўна вымешваем (камячкоў быць не павінна).
Потым у крыху астыўшае цеста абавязкова па адным уводзім яйкі. Прычым кожны раз цеста вымешваецца да ідэальнай аднароднасці. Папярэджу, што гэтая маніпуляцыя патрабуе прыкладання пэўнай фізічнай сілы. Гатовае цеста павінна атрымацца вязкім і цягнуцца за лыжкай.
Вазьміце кандытарскі мяшок (можна ўзяць поліэтыленавы пакет з-пад малака ці кефіру: атрыманы аб’ём цеста якраз у яго змесціцца). Адрэзаўшы вугалок напоўненага пакета, можна прыступаць да фарміравання эклераў на засцеленай пергаментам блясе. «Адсаджваем» палачкі даўжынёй 8-10 сантыметраў і пры гэтым не забываем, што ў працэсе выпечкі яны значна павялічацца ў аб’ёме.
Выпякаем пірожнае ў добра разагрэтай духоўцы пры тэмпературы 180 градусаў. У залежнасці ад памеру «пальчыкаў» гэта можа заняць ад 25 да 45 мінут (арыентуйцеся па запечанай скарыначцы). Толькі кантралюйце працэс, не адкрываючы духоўку: інакш пірожнае можа асесці.
Тым часам добра ўзбіваем смятану з цукрам. Напаўняем крэмам пірожныя толькі пасля таго, як яны астынуць. Масляным крэмам напоўніць пірожнае прасцей: можна проста разрэзаць яго з аднаго боку ўздоўж. Смятанным жа напаўняем, не парушаючы цэласнасць «пальчыкаў». Замест кандытарскага шпрыца можна ўзяць вялікі медыцынскі. А можна проста «абваляць» кожнае пірожнае ў крэме. Выкладваць на вялікай талерцы можна і адно на адно, а зверху паліць шакаладнай глазурай, прыгатаванай па вашым любімым рэцэпце.
На мой погляд, з гэтым рэцэптам справіцца любая гаспадыня. Адзінае дадам: заўважыла, што для таго, каб эклеры атрымаліся, за іх выпечку трэба брацца толькі з добрым настроем.
Смачна есці!