Понедельник, 13 января 2025

Рэцэпты на Біс. Паравы курыны рулет з мандарынамі і чарнаслівам ад настаўніцы англійскай мовы Алены Волчык

223

Рэцэпт ад настаўніцы англійскай мовы СШ № 4 Алены Волчык.

Гэты рулет можна аднесці да дыетычных і «правільных» страў, гатаваць у якасці замяняльніка каўбасы, але ён будзе дарэчы і на навагоднім стале.

ІНГРЭДЫЕНТЫ:

курынае філе — 4 шт.,
мандарыны — 3 шт.,
арэхі грэцкія — 100 г,
чарнасліў без костачак — 7 шт.,
соль, спецыі, перац чорны молаты — на смак.

ПРЫГАТАВАННЕ:

Чарнасліў заліць кіпенем і пакінуць на гадзіну-паўтары, каб ён добра набухнуў. Мандарыны ачысціць ад лупіны і плевак, падзяліць на долькі.

Курынае філе разрэзаць уздоўж на дзве часткі. Атрыманыя кавалкі добра адбіць і пакласці на харчовую плёнку. Мяса злёгку пасаліць і паперчыць.

Грэцкія арэхі здрабніць. Паловай атрыманых арэхавых дробак раўнамерна пасыпаць адбітае і запраўленае мяса.

Зверху на арэхі выкласці чарнасліў (яго пры жаданні можна здрабніць, а можна пакінуць), на чарнасліў — долькі мандарына. Зверху зноў пасыпаць арэхамі.

Нафаршыраванае курынае філе з дапамогай плёнкі акуратна скруціць у шчыльны і роўны рулет.

Перакласці рулет у шырокі друшляк, усталяваны над каструляй з вадой. Накрыць зверху накрыўкай і гатаваць над парай сорак мінут.

Гатовы рулет астудзіць, акуратна разгарнуць плёнку і нарэзаць вострым нажом на лустачкі таўшчынёй у 1-1,5 см.

Смачна есці!