Рэцэпт ад спецыяліста РДЦ КУВП «Камунальнік» Наталлі Янушкевіч.

ІНГРЭДЫЕНТЫ:
слоенае цеста — 500 г,
курыная ножка (галёнка) — 6 шт.,
грыбы — 300 г,
бульба — 700 г,
цыбуля — 150 г,
малако — 50 мл,
сметанковае масла — 30 г,
соль, перац, алей.
ПРЫГАТАВАННЕ
Бульбу пачысціць, адварыць да гатоўнасці.
На алеі абсмажыць дробна парэзаную цыбулю, дадаць парэзаныя грыбы. Смажыць да таго часу, пакуль не выпарыцца ўся вадкасць (каля 15 мінут).
Курыцу пасаліць, паперчыць, абсмажыць да гатоўнасці (прыкладна 25-30 мінут). Астудзіць.
У бульбу дадаць сметанковае масла, патаўчы, уліць малако, пасаліць. Змяшаць бульбяное пюрэ і грыбы. Астудзіць.
Цеста раскачаць таўшчынёй прыкладна 3 мм. Выразаць прамавугольнік (абрэзкі захаваць).
Нарэзаць квадраты 15 х15 см (па колькасці курыных ножак). З абрэзкаў зрабіць невялікія праснакі і пакласці іх на цэнтр кожнага квадрата — гэта робіцца для таго, каб дно не рвалася.
На цеста пакласці 2-3 ст.л. бульбяна-грыбной начынкі, зверху паставіць курыную ножку. Краі цеста сабраць і завязаць ніткай (туга не завязвайце). Бляху заслаць паперай для выпечкі. Выкласці «мяшочкі». Курыныя костачкі зверху можна абгарнуць фольгай, каб яны не падгарэлі. Паставіць у разагрэтую да 180 градусаў духоўку.
Выпякаць да залацістага колеру (прыкладна 15-20 мінут). З гатовых «мяшочкаў» зняць ніткі.
Смачна есці!