Четверг, 10 октября 2024

Рэцэпты на Біс: клёцкі з мясам

849

Рэцэпт ад галоўнага рэдактара УРГ «Раённыя будні» Галіны СВІДУНОВІЧ.


Я — вялікі аматар простай і натуральнай ежы. Таму як і ў жыцці не пераношу фальшу і падману, так і ў кулінарыі не дапускаю сапсаваць добры беларускі прадукт, накшталт мяса і бульбы, нейкай мудрагелістай заморскай садавінай.
Аднак такую, здавалася б, абсалютна прымітыўную страву, як звычайная яечня, якую аднойчы давялося пакаштаваць у жыхара вёскі Белы Лясок, заслужанага лесавода Беларускай ССР паважанага Яўгена Уладзіміравіча Лукшы, нават мне не ўдалося паўтарыць.
Яўген Уладзіміравіч з уласцівай яму адкрытасцю, нетаропка гатаваў яечню на пліце, у якой патрэсквалі пушчанскія дровы. Калі пліта разагрэлася, паставіў на яе “вечную” савецкую патэльню і паклаў туды лусты сала, аздобленыя праслойкамі мяса (такое сала, таўшчынёй з далонь, я апошні раз бачыла ў сапраўдных гаспадароў — сваіх бацькоў, калі яны трымалі свіней). Пасля таго, як пад шчырыя размовы Яўгена Уладзіміравіча сала падсмажылася і разамлела, ён шчодра дадаў у патэльню пакрышаную цыбулю, а затым убіў яйкі, якія толькі што прынёс з уласнага куратніка. Ну, а калі адмысловым пахам вясковай ежы напоўнілася кухня, патэльню з яечняй, якая плавала ў шкварках, паставіў прама на стол. Побач з’явіліся салёныя агурочкі, квашаная капустка з журавінамі… І гэта было непаўторна!
Аднак нават калі ў вас ёсць дзеючая пліта на дровах, і калі вы дастанеце такое ж сала, “вырашчанае” на бульбе з уласнага агарода, і прынесяце свежыя яйкі са свайго куратніка, у вас усё роўна такая смаката… не атрымаецца. Бо няма побач такога адмысловага кухара — Яўгена Уладзіміравіча — увасаблення непаўторнасці і шчодрасці Белавежскай пушчы.
Ну, а калі сур’ёзна, то прапаную прыгатаваць такую ж смачную і простую страву (няхай і без пліты на дровах), як

Клёцкі з мясам
Бяром некалькі бульбін і тром іх на тарцы. Атрыманую масу часткамі змяшчаем на марлю і выціскаем з яе лішнюю вадкасць. Грудкі бульбяной масы з марлі змяшчаем у асобную міску.
Праз некалькі мінут з ёмістасці, куды выціскалі вадкасць, паступова яе зліваем, а слой крухмалу, які ўтварыўся на дне, дадаём да бульбяной масы. Туды ж соль, яйка, крыху мукі. Усё вымешваем.
Асобна падрыхтоўваем фарш. Я аддаю перавагу свініне: перакручваю мяса з цыбуляй, салю, перчу. У бульбяных камячках (прыблізна, удвая большых, чым цеста на пельмені) раблю паглыбленні, змяшчаю туды фарш і фармірую ў клёцкі, якія затым апускаю ў кіпень. А пасля ўсё, як у пушчанскага кухара: абвараныя клёцкі кладу на патэльню (у якой ужо разам з цыбуляй плаваюць шкваркі) для абсмажвання.
Пэўных прапорцый у прыгатаванні ніколі не прытрымліваюся. Усё інтуітыўна раблю “на вока”. Калі ў вас ёсць вялікае жаданне смачна прыгатаваць, а вашым памочнікам з’яўляецца добры настрой, будзьце ўпэўнены: сапраўды атрымаецца непаўторна.
Паспрабуеце? Тады – смачна есці!