Рэцэпт ад загадчыка цэнтральнай раённай аптэкі № 7 Дар‘і Ліцкевіч
Фарбаванне яек да Вялікадня — справа прыемная і захапляльная. Існуе нямала варыянтаў: можна выкарыстаць харчовыя фарбавальнікі, спецыяльныя тэрманалепкі, а можна звярнуцца да традыцыйных бабуліных «фарбаў» — цыбульнага шалупіння, маладых лісцікаў бярозы і інш. А ў мінулым годзе я паспрабавала параду з інтэрнэта: пафарбавала яйкі ў чырвоным віне. Яны атрымаліся сапраўды «касмічныя», насычанага бардовага колеру, з мігаценнем крышталікаў на паверхні.
ІНГРЭДЫЕНТЫ:
яйкі — 6 шт.,
віно чырвонае — 750 мл.
Што прыемна, для справы падыходзіць самае недарагое віно, нават з тэтрапака.
ПРЫГАТАВАННЕ
Яйкі добра мыем, кладзём у каструлю. Заліваем віном, даводзім да кіпення і варым на невялікім агні да гатоўнасці — прыкладна 10 мінут. Алкаголь пры варцы выпарваецца, але лёгкі пах віна застаецца.
Выключаем агонь і пакідаем яйкі ў віне да поўнага астывання (чым больш часу яны прастаяць, тым больш глыбокім атрымаецца колер, але ён яшчэ залежыць ад сорту вінаграду, з якога было зроблена віно).
Дастаём яйкі лыжкай і кладзём на папяровую сурвэтку, каб абсохлі. Пры жаданні іх можна працерці алеем, каб надаць бляск, але тады бліскаўкі будуць заўважныя менш. Дарэчы, каб афарбоўка яек была раўнамернай, іх перад фарбаваннем праціраюць воцатам ці спіртам. У гэтым выпадку яйкі атрымліваюцца больш светлымі.
Для падобнай афарбоўкі можна выкарыстаць і белае віно, але ж у гэтым выпадку трэба дадаць у яго крышку фарбавальніка, каб яйкі набылі нейкае адценне. Або выкарыстоўваць яйкі карычневага колеру. Можаце паэксперыментаваць!
Шчаслівага Вялікадня!