Среда, 6 ноября 2024

Рэцэпты на Біс. Кальмары па-далёка-ўсходняму ад пенсіянеркі Галіны Чарапенка

212

Рэцэпт ад пенсіянеркі з в. Аранчыцы Галіны Іванаўны Чарапенка

Шмат гадоў мы з мужам жылі і працавалі на Далёкім Усходзе, таму ў маёй кулінарнай кніжцы назапасілася нямала рэцэптаў з морапрадуктаў. Адзін з іх прапаную ўвазе чытачоў. Гэтая і смачная сама па сабе салата, і выдатная закуска мужчынам пад піва.

ІНГРЭДЫЕНТЫ:

кальмары свежамарожаныя — 3 тушкі,
цыбуля рэпчатая — 1 галоўка,
часнок — 2 зубчыкі,
прыправы: папрыка звычайная або вэнджаная, перац чорны і востры чырвоны, насенне кунжуту — на смак,
соевы соус, алей.

ПРЫГАТАВАННЕ

Ачысцім кальмары. Каб лёгка зняць шкурку, трэба некалькі мінут патрымаць тушкі пад струменем гарачай вады. Таксама трэба выняць вантробы і хорду — тонкую празрыстую пласцінку шкілета. Кладзём кальмараў у каструлю з кіпячай падсоленай вадой. Літаральна 10 секунд — і яны гатовы, не пераварыце! Наразаем тушкі колцамі або паўколцамі.

Цыбулю наразаем тоненькімі лустачкамі (чым танчэй, тым лепш) змешваем з кальмарамі.

Цяпер дадаём прыправы, соевы соус. Сюды ж пакладзём расціснуты часнок. Алей (мне падабаецца соевы, але можна ўзяць сланечнікавы, аліўкавы — любы) награваем на маленькім агні. Не трэба чакаць, каб алей закіпеў, ён павінен быць проста гарачым.

Заліваем алеем страву, калі астыне — ставім у халадзільнік на некалькі гадзін.

Смачна есці!