Среда, 19 февраля 2025

Рэцэпты на Біс. Каўбаскі курыныя ў пергаменце ад Марыны Ярмашук

281

Рэцэпт ад бухгалтара групы бухгалтарскага ўліку і справаздачнасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай дапамозе райвыканкама Марыны Ярмашук.

Інгрэдыенты:

фарш курыны – 1 кг,
цыбуля рэпчатая – 2 шт.,
алей для абсмажвання,
соль, спецыі – на смак;

для начынкі

яйкі – 4 шт.,
сыр цвёрды (расійскі, мацарэла) – 200 г,
зеляніна (цыбуля зялёная, кроп, пятрушка) – вялікі пучок.

Прыгатаванне

Фарш можна выкарыстаць гатовы магазінны, а можна, калі дазваляе час, самастойна здрабніць у блэндары курынае мяса (у такім выпадку лепш браць напалам мякаць бядра і філе). Пасаліць, дадаць спецыі, якія падабаюцца, і здробненую цыбулю, абсмажаную на алеі. Добра перамяшаць.

Для начынкі яйкі адварыць укрутую і нарэзаць кубікамі, сыр нацерці на буйной тарцы, зеляніну дробна пасекчы. Усё змяшаць.

Дзелім фарш і начынку на чатыры часткі. На ліст пергаментнай паперы, змазаны алеем, выкладваем частку фаршу ў выглядзе плоскага прамавугольніка, зверху – частку начынкі. Скручваем шчыльна ў рулецік, канцы пергаменту завязваем з двух бакоў, каб атрымалася вялікая «цукерка». Выкладваем нашы каўбаскі ў пергаменце ў патэльню, наліваем крыху гарачай вады, накрываем накрыўкай, ставім на агонь. Чакаем, пакуль вада закіпіць, адварваем 10 мінут, потым пераварочваем каўбаскі на другі бок і варым яшчэ 10 мінут.

Пергамент можна здымаць з яшчэ гарачых каўбасак, а можна пачакаць да іх астывання. 

Смачна есці!