Рэцэпт ад былой супрацоўніцы газеты «Раённыя будні» Ганны Хадаровіч.

ІНГРЭДЫЕНТЫ:
бездражджавое слаёнае цеста — 1 упакоўка,
грыбы адварныя замарожаныя — прыкладна 500 г,
цыбуля — 1-2 шт.,
курыная грудка — 1 шт.,
маянэз — на смак,
сыр «Расійскі» — 100 г,
яйка (жаўток) для змазвання,
алей для смажання грыбоў.
ПРЫГАТАВАННЕ
Калі ў вас яшчэ засталіся з мінулага года замарожаныя грыбы, даставайце іх з маразілкі і спяшайцеся ў магазін, дзе прадаюць бездражджавое слаёнае цеста. (Можна, канечне, зрабіць цеста і самому, але гэта намнога марудней).
Курыную грудку адварыце, а расталыя ўжо к таму часу грыбы дробненька парэжце і абсмажце з цыбуляй. Зразумела, калі ўласных нарыхтовак у вас няма, можна выкарыстаць і шампіньёны, але лясныя грыбы ўсё ж, на мой погляд, смачней. Калі грыбы астынуць, дабаўце да іх дробна парэзаную, таксама астыўшую, кураціну, нацёрты сыр і крышачку прыпраўце ўсё маянэзам. Начынне для мяшочкаў гатова.
Бяромся за цеста. Яго палоскі разразаем на аднолькавыя квадрацікі (прыкладна 8х8 см). Кожны квадрацік раскачваем, каб стаў тоненькім, і выкладваем на яго грыбы з курацінай. Канцы квадрацікаў збіраем зверху (закрываем начынне), пры патрэбе замацоўваем для надзейнасці зубачысткай, і выкладваем на бляху. Перад тым, як паставіць у духоўку, мяшочкі змазваем жаўтком.
Пячэцца гэтае смакоцце ў разагрэтай да 180 градусаў духоўцы мінут 20-30 — да румянасці.
Вось і ўсё! Хутчэй клічце да стала гасцей!
Смачна есці!