Рэцэпт ад настаўніцы пачатковых класаў СШ № 1 імя ЧБВА г. Пружаны Тамары Якаўлеўны Карнюк.
Гэты рэцэпт мы з сястрой некалі падгледзелі ў інтэрнэце. Крыху скарэктавалі пад свой густ і карыстаемся ўжо не адзін год. Паспрабуйце гэтую смачную выпечку і вы.
ІНГРЭДЫЕНТЫ:
для цеста:
яйкі буйныя — 4 шт.,
цукар — 1 ст. лыжка,
мука — 180 г,
малако — 400 мл,
масла сметанковае — 30 г,
дробка солі;
для крэму:
слівачны сыр або мяккі тварог (нам падабаецца «Бярозка») — 400 г,
цукровая пудра — 2-4 ст. лыжкі,
вяршкі (сливки) 33%-ныя для ўзбівання — 200 мл;
для начынкі:
любыя ягады, можна замарожаныя.
ПРЫГАТАВАННЕ
Яйкі змяшаць да аднароднасці з цукрам і соллю, дадаць муку, у 2-3 прыёмы ўліць малако, а потым растопленае масла.
Добра вымешаць і пакінуць на 10 мінут для «адпачынку».
Форму або глыбокую бляху заслаць пергаментнай паперай, выліць цеста і выпякаць пры тэмпературы 190°С каля 30 мінут. Атрымліваецца «хвалісты» корж.
Для крэму сыр змешваем з ахалоджанымі вяршкамі, дадаём цукровую пудру і ўзбіваем міксерам.
Корж трэба крыху астудзіць, змазаць крэмам. Зверху на крэм слоем пакласці ягады. Першапачаткова ў рэцэпце былі буякі (голубика), але падыдуць і чарніцы, і суніцы, больш за ўсё нашай сям‘і падабаецца вішня. Зразумела, без костачак.
Скруціць рулет і пакінуць на 2-3 гадзіны, каб прапітаўся. Пасыпаць цукровай пудрай.
Смачна есці!