Пятница, 11 июля 2025

Рэцэпты на Біс. Дамлама ўзбекская ў казане ад загадчыцы Навазасімавіцкай сельскай бібліятэкі Марыны Каршунковай

197

Рэцэпт ад загадчыцы Навазасімавіцкай сельскай бібліятэкі Марыны Каршунковай.

Я нарадзілася і доўгі час жыла ва Узбекістане. Гэта краіна з неверагоднымі кірмашамі, багаццем агародніны і садавіны і ўсходняй гасціннасцю. Я вельмі люблю ўзбекскую кухню і хацела б падзяліцца рэцэптам прыгатавання «Дамламы». Гэтая страва гатуецца вельмі проста, але валодае непаўторным смакам.

ІНГРЭДЫЕНТЫ:

мяса — 500-700 г (бараніна, цяляціна, але можна любое, пажадана маладое),
цыбуля рэпчатая — 2 шт. (250-300 г),
морква — 1 шт. (200 г),
памідоры — 6-7 шт. (500 г) (пажадана сакавітыя),
перац балгарскі — 2 шт. (250 г),
бульба — 6-7 шт. (500 г),
капуста — 700 г,
алей — 100 мл,
часнок — 1/2 галоўкі,
соль — на смак,
спецыі (перац чорны молаты, хмелі-сунелі) — па жаданні,
зеляніна свежая — 1 пучок (пятрушка, кінза, кроп).

ПРЫГАТАВАННЕ

Моцна разаграваем алей у казане і кладзём мяса, парэзанае кавалачкамі. Гатуем мінут пяць, пастаянна памешваючы, каб мяса абсмажылася з усіх бакоў. Затым солім і пасыпаем спецыямі. Далей усю агародніну выкладваем слаямі, іх не змешваць і злёгку саліць. У сапраўдную ўзбекскую дамламу вада не дадаецца, бо агародніна тушыцца ў сваім соку.

Для першага слоя цыбулю наразаем паўколцамі, накрываем ёй мяса. Наступны слой — морква, нарэзаная кружочкамі. Казан абавязкова шчыльна закрываем накрыўкай. Далей дадаём балгарскі перац, нарэзаны палоскамі, часнок — долькамі і памідоры — кавалачкамі. Тушым мінут пяць, каб выдзеліўся сок з памідораў. Калі бульба маладая і дробная, то рэзаць яе не трэба, кладзём цэлай, а вось калі клубні буйныя, рэжам іх на 2-4 часткі. Апошнім слоем выкладваем капусту. Маленькі качан дзелім на 4 часткі, а потым кожную ўпоперак рэжам на лустачкі таўшчынёй 3 см. Зверху пасыпаем зелянінай. Шчыльна закрываем накрыўкай і на слабым агні тушым да гатоўнасці (каля 1,5 гадзіны).

Гатовую дамламу выкладваем на блюда і пасыпаем свежай зелянінай.

Гэтая ж страва, прыгатаваная без мяса, — цудоўны варыянт абеда ў дні посту. Пачынаюць яе гатаваць з абсмажвання цыбулі. Калі ўсе слаі будуць выкладзены, можна дадаць крыху вады.

Смачна есці!