Рэцэпт ад загадчыцы аддзела насенняводства Брэсцкай АСГДС Наталлі КУЗЬМІЧ
Незвычайныя і вельмі карысныя стравы можна прыгатаваць са звычайнага гарбуза. Нават цукаты зрабіць.
Інгрэдыенты:
гарбуз невялікі — 1 шт. (прыкладна 3 кг),
лімон — 1 шт.,
цукровы сіроп — на 200 г цукру 200 мл вады,
крухмал бульбяны — 1 ст. лыжка,
цукровая пудра— 2 ст. лыжкі.
Прыгатаванне
Гарбуз ачышчаем ад лупіны, семак і валакністага змесціва. Мякаць наразаем кавалачкамі памерам прыкладна з грэцкі арэх. Лімон мыем і наразаем долькамі разам са шкуркай.
Ваду закіпяціць, усыпаць цукар, калі ён растварыцца, дадаць лімон, кіпяціць 5 мінут. Пакласці ў гэты сіроп кавалачкі гарбуза, перамяшаць і кіпяціць яшчэ 10 мінут. Адкінуць гарбуз на сіта або друшляк, каб вадкасць крыху сцякла, а потым перакласці на бляху і адправіць у духоўку, нагрэтую да 100-130 градусаў на 3-4 гадзіны. Майце на ўвазе: цукаты павінны падсохнуць, але не запякчыся!
Пасля таго як цукаты вынулі з духоўкі і яны астылі, трэба абсыпаць іх сумессю крухмалу і цукровай пудры. Такі ласунак можна захоўваць у шкляным слоіку.
Смачна есці!