Рэцэпт ад вядучага спецыяліста па маркетынгу Брэсцкай абласной сельскагаспадарчай доследнай станцыі Алёны Сабітавай.

Напачатку лістапада нас чакаюць доўгія выхадныя. Можна і на кухні больш часу патраціць, і парадаваць сям’ю салодкасцямі ўласнага прыгатавання. Напрыклад, такім вось італьянскім дэсертам цірамісу, які вельмі любіць мая дачка. Назвы прадуктаў для прыгатавання яго гучаць экзатычна, але ў продажы ў сеткавых магазінах яны ёсць.
ІНГРЭДЫЕНТЫ:
пячэнне «Саваярдзі» — 200 г (24 штукі),
сыр «Маскарпоне» — 400-500 г,
яйкі — 4 шт.,
цукровая пудра — 5 ст. лыжак,
кава моцна завараная або «эспрэса» — 300 мл,
каньяк (можна замяніць лікёрам «Амарэта» або апельсінавым сіропам) — 3 ст. лыжкі,
шакалад горкі або какава-парашок — на смак.
ПРЫГАТАВАННЕ
Яечныя бялкі ўзбіць у моцную пену, у канцы ўзбівання можна дадаць у яе крыху цукровай пудры. Ад шчыльнасці пены будзе залежаць, ці не расцячэцца крэм.
Жаўткі расцерці з цукровай пудрай, дадаць сыр «Маскарпоне» і добра размяшаць. У гэты крэм лыжкай пакрышку дадаваць узбітыя бялкі і акуратна перамешваць.
Астуджаную каву змяшаць з каньяком. У гэтую сумесь на 4-5 секунд па чарзе акунаць пячэнькі (вельмі хутка размакаюць!) і адразу выкладваць у форму. Зверху выкласці палову крэму. На яго — другую палову пячэння, змочанага ў каве з каньяком. І наверх — астатні крэм, які добра разраўняць. Паставіць у халадзільнік на 5-6 гадзін (можна на ноч).
Перад падачай на стол дэсерт пасыпаць нацёртым шакаладам або парашком какавы.
Смачна есці!