Воскресенье, 3 ноября 2024

Рэцэпты на Біс. Боршч у слоіку «Усе фарбы восені» ад жыхаркі в. Ласасін Ганны Раманюк

204

Рэцэпт ад жыхаркі в. Ласасін Ганны Раманюк.

Усе любяць боршч, але, каб яго згатаваць, даводзіцца ледзь не паўдня прастаяць ля пліты. Асабліва шмат часу патрабуе апрацоўка бурачкоў. Каб зэканоміць час на штодзённую гатоўку, раблю нарыхтоўку баршчу з восені. І колькі б ні закруціла ў слоікі, разлятаецца на ўра. Сыны з нявесткамі і пляменнікі, з якімі дзялюся закруткамі, таксама задаволены. Бо трэба ўсяго толькі зварыць костку (намаганняў гэта не патрабуе), кінуць у каструлю некалькі бульбін, дадаць слоік нарыхтоўкі — і смачны боршч гатовы.

ІНГРЭДЫЕНТЫ:

буракі чырвоныя — 3 кг,
памідоры — 1 кг,
морква — 1 кг,
цыбуля рэпчатая — 0,5 кг,
перац салодкі — 0,5 кг,
часнок — 100 г,
цукар — 1 шклянка,
алей сланечнікавы — 300 г,
соль — 3 ст. лыжкі,
воцат 9% — 125 г.

ПРЫГАТАВАННЕ:

Буракі і моркву трэба нацерці на буйной тарцы, перац і цыбулю нарэзаць кольцамі або кавалачкамі, памідоры перакруціць на мясарубцы, часнок выдушыць часночніцай. Абсмажваем цыбулю і моркву і дадаём да іх бурак, памідоры, перац, а таксама соль, цукар і алей. Тушым 50 мінут, за 5 мінут да гатоўнасці кладзём часнок і ўліваем воцат. Засталося раскласці па паўлітровых слоіках і закатаць.

Смачна есці!