Рэцэпт ад старасты вёскі Плябанцы Валянціны Васільеўны Кунда.
У свой час бліны пячы мяне навучыла мая цётка Тамара. Яна была прафесійным поварам, працавала ў рэстаране ў Санкт-Пецярбургу. Зразумела, не толькі на Масленіцу карыстаюся гэтым рэцэптам, бліны па ім вельмі падабаюцца сваякам і сябрам. Але, ведаеце, напэўна, справа не толькі ў рэцэпце. Пакуль рыхтую прадукты, малітву прачытаю, выкіну з галавы ўсе непатрэбныя думкі: калі гатуеш, настрой павінен быць толькі добрым, тады і ежа будзе сачнай і на карысць пойдзе. А тым, што з дрэннымі думкамі прыгатавана, і атруціцца можна.
ІНГРЭДЫЕНТЫ:
малако — 1 літр,
вада — 0,5 літра,
мука — прыкладна 4-5 шклянак, глядзім па кансістэнцыі цеста,
яйкі — 2-3 шт.,
алей сланечнікавы — 100 г,
цукар — на смак, 100-200 г,
каньяк — 30-50 мл,
дробка солі.
ПРЫГАТАВАННЕ
У кіпячоную цеплаватую ваду ўсыпаем цукар і соль, перамешваем, каб растварыліся. Дадаём малако (кіпяціць яго не трэба, можна проста з пакета), яйкі, алей, уліваем каньяк, зноў перамешваем. Дарэчы, каньяк — прадукт не абавязковы, бліны і без яго атрымліваюцца смачнымі, але ж ён надае святочную нотку.
Невялікімі порцыямі ўсыпаем у гэтую сумесь прасеяную муку і добра перамешваем, узбіваем, каб не было камячкоў. Колькасць мукі я вызначаю на вока. Цётачка мая вучыла: трэба капнуць цеста на пазногаць вялікага пальца, калі кропля расплываецца — яшчэ дадаць мукі, калі трымае форму — бліны добрыя атрымаюцца.
Цяпер трэба, каб наша цеста з паўгадзіны пастаяла: з мукі выдзеліцца клейкавіна і нават тонкія бліны не будуць ірвацца.
Добра разаграваем патэльню, змазваем яе алеем. Апалонікам выліваем цеста на сярэдзіну патэльні і хутка круцім, каб яно раўнамерна размеркавалася па дне. Смажым наліснікі на вялікім агні з двух бакоў.’
Што тычыцца падачы нашых бліноў, то тут — справа густу. Можна проста скласці іх горкай на талерцы і паліць растопленым сметанковым маслам, можна загарнуць з варэннем, тварагом, ікрой.
Мне ж больш за ўсё падабаюцца наліснікі з яблычнай начынкай. Для яе ачышчаныя яблыкі націраем на буйной тарцы, дадаём цукар (прыкладна 3 ст. лыжкі на 0,5 кг яблыкаў) і пратушваем у каструлі некалькі мінут.
Смачна есці!