Рэцэпт ад аператара ЭВМ Пружанскага хлебазавода Зарыны Крац.
ІНГРЭДЫЕНТЫ
На сярэдні баклажан спатрэбіцца:
фарш — 200 гр.,
соль і перац на смак,
зялёная цыбуля — невялікі пучок,
соевы соус — 2 ст.л.,
кунжутны алей — 1 ст.л. (можна замяніць булёнам).
Для кляра:
яйка — 1 шт.,
соль, перац, вада, мука — каб атрымалася цеста, як на блінчыкі.
ПРЫГАТАВАННЕ
Баклажан заціснуць паміж дзвюма дошчачкамі і надрэзаць на тонкія лустачкі. Дошчачкі не дазволяць нажу прарэзаць баклажан цалкам, і ў выніку ён прыме выгляд сімпатычнага гармоніка. Акуратна аддзяліць па два надрэзаныя кружочкі. Падрыхтаваныя «кішэнькі» баклажан пасаліць і пакуль пакінуць.
Для начынкі змяшаць мясны фарш, нарэзаную зялёную цыбулю, соевы соус і кунжутны алей, пасаліць, паперчыць (улічыце, што соевы соус таксама салёны).
Баклажаны прамыць пад халоднай вадой і абсушыць на папяровых ручніках. У кожную кішэньку пакласці мясную начынку.
Для кляра злёгку ўзбіць яйка відэльчыкам, уліць ваду, дадаць соль, перац і такую колькасць мукі, каб атрымалася негустое цеста, накшталт бліновага.
Абмакнуць баклажаны ў кляр і абсмажыць на патэльні да атрымання залацістай скарыначкі, пасля пад накрыўкай патрымаць на невялікім агні да поўнай гатоўнасці.
Смачна есці!