Четверг, 8 октября 2026

Рэцэпты на Біс. Адбіўныя з кабачкоў у сырнай паніроўцы ад адказнага сакратара раённага савета ветэранаў Таццяны Капіцы

362

Рэцэпт ад адказнага сакратара раённага савета ветэранаў Таццяны Капіцы.

Члены раённага Савета ветэранаў: Таццяна Капіца — крайняя справа.

ІНГРЭДЫЕНТЫ:

кабачок — 2 шт.,
сыр цвёрдых гатункаў — 125 г,
яйка курынае — 4 шт.,
папрыка — 1 чайная лыжка,
прыправа «Італьянскія травы» — 1 чайная лыжка,
сухары паніровачныя — 100 г,
мука пшанічная — 50 г,
соль, перац чорны — на смак,
алей для смажання.

Для падліўкі:
смятана 20% — 125 г,
маянэз — 50 г,
часнок — 2 зубчыкі,
кроп — 30 г.

ПРЫГАТАВАННЕ:

Кабачкі наразаем уздоўж на лустачкі таўшчынёй 3-5 мм. Малаточкам для адбіўных (бокам з тоўстымі зубчыкамі) злёгку адбіваем іх. Пасля гэтай працэдуры кабачкі лепш прасмажацца, а іх смак стане больш далікатным.

Падрыхтаваныя кабачкі складваем у міску, солім, перчым і пакідаем на стале пры пакаёвай тэмпературы на 10-15 мінут.

Для кляру ў асобнай місцы ўзбіваем яйкі з папрыкай, прыправай, дадаем соль і молаты перац на смак, а таксама сыр, нацерты на дробнай тарцы.

Для паніроўкі сухары змешваем з мукой. На патэльні разаграваем невялікую колькасць алею. Кожную лустачку кабачка абвальваем у паніроўцы, затым абмакваем у кляр і выкладваем на разагрэтую патэльню. Смажым адбіўныя з кабачкоў на невялікім агні з двух бакоў да залацістай скарыначкі.

Здымаем на папяровы ручнік, каб выдаліць лішкі тлушчу.

Для падліўкі змешваем маянэз, смятану, дадаём дробна пасечаную свежую зеляніну кропу і прапушчаны праз прэс часнок.

Смачна есці!