
Рэцэпт ад карэспандэнта газеты «Раённыя будні» Ірыны ВЕЛЯСЕВІЧ.
Летні пірог
Інгрэдыенты:
тварог — 200 г (1 пачак),
масла сметанковае або маргарын — 200 г,
цукар — 1 шклянка,
яйка — 1 шт.,
мука — 3 шклянкі,
разрыхляльнік для цеста або пагашаная сода — 1 чайная лыжка,
ванілін, карыца — на смак,
любое варэнне, яблыкі, ягады для начынкі.
Прыгатаванне
Масла ці маргарын адну мінуту падагрэць у мікрахвалёўцы, размяшаць відэльцам да густаты смятаны. Дадаць тварог, цукар, яйка, ванілін, зноў усё добра размяшаць. Паступова дадаваць муку па адной шклянцы, добра вымешваючы. Не забудзьцеся пра разрыхляльнік! Павінна атрымацца густое, мяккае цеста, каб адліпала ад рук.
Жменю цеста пакінуць для верху, астатняе выкласці на бляху для запякання, змазаную алеем: размяць рукамі, каб атрымаўся плоскі блін, зрабіць борцікі.
Змазаць слой цеста густым варэннем, парэзаць яблык на тонкія долькі і выкласці іх паверх намазкі адну каля другой. З пакінутага цеста зрабіць тонкія жгуцікі і ў выглядзе рашоткі пакласці паверх яблыка. Зверху можна пасыпаць карыцай, дадаць любую садавіну і ягады: вішню, маліну, абрыкос… У мяне былі клубніцы і чарніцы.
Выпякаць у духоўцы прыкладна 40-50 мінут пры тэмпературы 180 градусаў. Калі скарыначка падрумяніцца, дастаць, крыху астудзіць і частаваць сваіх блізкіх духмяным пірагом.
Смачна есці!