Пятница, 23 мая 2025

Рэцэпты на Біс

287

Рэцэпт ад пераможцы паэтычнага конкурсу, які праводзіўся да 590-годдзя Пружан, нашай зямлячкі і пастаяннага аўтара Алёны КОТАВАЙ

Больш, чым кулінарнае майстэрства, мяне захапляе паэзія. І «выпяканнем» вершаў, прызнаюся, займаюся з вялікім задавальненнем, хаця як жанчыне і гаспадыні даводзіцца мець справы і з выпечкай рэальнай. Сёння прапаную чытачам «раёнкі» ў дадатак да звычайнага і вершаваны «рэцэпт», для якога ўзяла ў якасці эпіграфа радок з твора Міколы Засіма «Не пячы, як бульбу, вершы…»

Добры «повар»

Не пячы, як бульбу, вершы,
Трэба ім натхненне.
А каб выйшаў твор
твой лепшым,
Ты дадай цярпення.
Страва гэтая патрэбна
Тым, хто любіць слова.
Страва гэта не ганебна
Тым, хто любіць мову…
Добры повар так гатуе,
Што не адарвацца.
Смак такі, што зачаруе,
З ім не развітацца!
Не пячы, як бульбу, вершы,
Ім дадай пяшчоту.
Стане страва твая лепшай,
Адхіне турботы.

Торт на патэльні

Інгрэдыенты:
для крэму
малако — 500 мл,
яйкі — 2 шт.,
цукар — 1 шклянка,
мука — 2 ст. лыжкі,
масла сметанковае — 200 г;
для цеста
мука — 500 г,
яйкі — 1 шт.,
малако згушчанае — 1 бляшанка,
сода, пагашаная воцатам — 1 ч. лыжка.

Спачатку гатуем крэм. Для гэтага ўліваем у каструльку малако, дадаём яйкі, цукар і муку, добра ўзбіваем і ставім на маленькі агонь. Варым, пастаянна памешваючы, пакуль не загусне. У гарачы крэм дадаём масла, размешваем і накрываем каструльку накрыўкай, каб не астыў.

Цяпер зоймемся цестам для каржоў. У глыбокую міску змяшчаем згушчонку, яйка, соду, паступова ў гэтую сумесь усыпаем муку. Спачатку вымешваем лыжкай, потым рукамі. Цеста павінна атрымацца мяккім і эластычным. Выкладываем яго на рабочую поверхню, раздзяляем на 8 частак. Кожную частку раскачваем, відэльцам праколваем у некалькіх месцах.

Выпякаем каржы на сухой патэльні на працягу адной мінуты з кожнага боку. Гатовыя каржы абразаем па форме талерачкі.

Збіраем наш торцік, змазваючы кожны корж крэмам. Абрэзкі каржоў здрабняем і гэтай крошкай абсыпаем наш выраб. Верх можна ўпрыгожыць грэцкімі арэхамі. Цяпер торт павінен некалькі гадзін пастаяць, каб набракнуць.

Смачна есці!