
Рэцэпт ад агранома аддзела кормавытворчасці Брэсцкай АСГДС Ірыны Аляксандраўны КЛІМАШЭВІЧ
Зразы з шампіньёнамі
Зразумела, шампіньёны цяпер — вельмі папулярныя грыбы. Але не забываем, што лес побач і многія з нас — вялікія аматары грыбнога палявання. Калі вы паспелі назапасіцца баравікамі, маслякамі, то цалкам можаце замяніць імі пакупныя грыбы.
Інгрэдыенты: фарш свіны або ялавічна-свіны — 1 кг, чэрствы белы батон — 2-3 ломцікі, яйкі — 5 шт., шампіньёны (або лясныя грыбы) —500 г, цыбуля рэпчатая — 3 шт., памідор — 2 шт., сыр цвёрды — 100 г, алей — 2 ст. лыжкі, соль, перац — на смак.
Прыгатаванне
Фарш пасаліць і паперчыць, дадаць размочаны ў вадзе або малацэ батон, добра вымесіць. Яйкі адварыць укрутую, пачысціць, разрэзаць на палавінкі. Грыбы абсмажыць на алеі з дробна пасечанай цыбуляй. Памідоры парэзаць кружкамі, сыр нацерці на тарцы.
З фаршу зрабіць 10 аладак, на кожную пакласці палавінку яйка і лыжку грыбоў з цыбуляй. Акуратна злучыць краі кожнай аладкі і сфармаваць прадаўгаватыя зразы.
Пакласці іх у змазаную алеем форму або на бляху. Зверху на кожную зразу размясціць кружок памідора, пасыпаць нацёртым сырам. Запякаць у папярэдне разагрэтай да 180 градусаў духоўцы 30-40 мінут.
Смачна есці!