Понедельник, 13 января 2025

Рэцэпты на Біс. Цуда-цеста ад Людмілы Антаноўскай

224

Рэцэптам цуда-цеста падзялілася Людміла Антаноўская.

Не верыце. Думаеце, перабольшваю? Ніколечкі. Гэта цеста амаль на ўсе выпадкі жыцця. Асабліва карысны рэцэпт для маладых гаспадынь.

ЗАПІСВАЙЦЕ. Трэба ўзяць 200 грамаў смятаны і столькі ж сметанковага масла або кефіру. Змяшаць. У гэтае змесіва прасеяць 350 грамаў мукі і 7-8 грамаў разрыхляльніку (яго можна замяніць содай), дадаць крышачку солі і цукру на смак. Замясіць цеста.

Між іншым, калі вы не плануеце тут жа яго выкарыстоўваць, можаце спакойна загарнуць у пакет і пакласці ў маразільнік. Дастаць тады, калі надумаеце прыгатаваць што-небудзь смачнае, папярэдне размарозіўшы цеста на верхняй паліцы халадзільніка.

А ЗАРАЗ САМАЕ ЦІКАВАЕ! З раскатанага цеста можна скручваць рагалікі, дадаўшы варэння або арэшкаў, ці пры дапамозе формы выразаць розныя пячэнькі. Можна прыгатаваць штрудзель. Раскатаць цеста, выкласці начынку — яблычнае варэнне з карыцай і крухмалам. Скатаць у рулет і прысыпаць крыху цукрам.

Цеста цудоўна падыдзе і для піцы. Раскатваем, пакрываем таматнай пастай, выкладваем каўбасу, памідоры, сыр і г.д. — усё, што вы любіце. У духоўку, смажым.

Дарэчы, з гэтага цеста фарміруем і піражкі. Асабліва смачнымі будуць з тварожнай начынкай, калі дадаць у яе жаўток і ванільны цукар. Абсмажыць на патэльні. Хаця і любая другая начынка пройдзе на «ўра». Прычым не толькі для піражкоў, але і для варэнікаў.

Смачна есці!