Четверг, 17 апреля 2025

Рэцэпт на Біс: «Летні пірог» (посны)

665

Рэцэпт ад пенсіянеркі Надзеі Шаўчэнка.

ІНГРЭДЫЕНТЫ
Для цеста:
вада – 1 шклянка,
дрожджы – 1/3 стаграмовага пачка,
цукар – 1 шклянка,
алей – 0,5 шклянкі,
соль – 1 ч.л. (без верху),
мука – 3-3,5 шклянкі,
ванілін (на смак),
Для начынкі:
шчаўе, крухмал.

Прыгатаванне

  1. Разводзім дрожджы ў цёплай вадзе з даданнем
    2/3 шклянкі цукру і 1 шклянкі мукі. Даём рошчыне падняцца ў два разы.
  2. Дадаём алей, ванілін, соль і яшчэ адну шклянку мукі. Замешваем больш густое цеста.
  3. Паступова падсыпаючы астатнюю муку, вымешваем, пакуль цеста не пачне адліпаць ад рук. Яно павінна быць мяккім і эластычным. Даём цесту яшчэ пастаяць і падняцца.
  4. Пакуль цеста падымаецца, рыхтуем начынку: шчаўе прамываем, абсушваем сурвэткай, дробна наразаем, перасыпаем крухмалам, каб зеляніна не пусціла сок і не размякчылася.
  5. Дзелім цеста на 2 часткі і фарміруем пірог: раскатваем адну частку ў круг таўшчынёй 1 см, шчыльна выкладваем шчаўе, перасыпаем начынку цукрам, што застаўся, і накрываем другім слоем цеста.
  6. Зашчапляем краі пірага, сталовымі нажніцамі робім пасярэдзіне некалькі надрэзаў.
  7. Выкладваем на бляху і даем пастаяць 30 мінут. Па жаданні перад самай выпечкай можна змазаць пірог алеем ці пасыпаць крошкай (змешваем у адвольных прапорцыях муку, цукар і маргарын).
  8. Выпякаем пры тэмпературы 180-200 градусаў да румянай скарыначкі прыкладна 35-40 мінут.
  9. Дастаём пірог з духоўкі і адразу накрываем яго злёгку ўвільготненай сурветкай да поўнага астывання. Дзякуючы гэтай хітрасці пірог атрымліваецца вельмі мяккім!
    Смачна есці!