Суббота, 5 октября 2024

Разоблачение обмана: Мобильное мошенничество

879

Сёння ўявіць чалавека без мабільнага тэлефона немагчыма, гэты мудрагелісты апарат вымушаны асвойваць не толькі дзеці, але і пенсіянеры. І вось менавіта на гэтыя дзве катэгорыі людзей зараз «арыентуюцца» мабільныя махляры, якія прапануюць розныя «вудачкі», мэта якіх адзіная — выцягванне грошай. Днямі да нас звярнуўся жыхар горада Сяргей, якога апошнім часам штодня дапякаюць СМС-паведамленні. 

— Часцей за ўсё яны маюць такі змест: «Вам падключаны платны сэрвіс Playlist.by, для адключэння якога неабходна даслаць СМС-паведамленне на нумар 1313 са словам…»,— расказвае чытач газеты.— І гэта самыя нейтральныя паведамленні. Майму сыну аднойчы даслалі «навіну» пра тое, што ён падключаны на «Відэа 18+», хаця яму яшчэ няма і 14 гадоў. Дык куды глядзіць наш мабільны аператар?

Як нам стала вядома, у такой сітуацыі сёлета апынулася многа жыхароў рэспублікі. З аднаго боку, у гэтым нельга вінаваціць мабільных аператараў, бо яны не маюць ніякага дачынення да такіх рассылак. Наколькі ведаю (сам працяглы час з’яўляюся абанентам МТС), звычайна кампанія дасылае прапановы аб падключэнні паслуг па атрыманні паведамленняў, зместам якіх можа быць гумар, надвор’е, навіны спорту, музыка і гэтак далей. Любую з гэтых паслуг мы можам выбіраць самастойна, а можам і не падключаць іх наогул.

У апісанай чытачом сітуацыі, хутчэй за ўсё, размова ідзе пра новы спосаб махлярства, калі па прапанове нвядомага абанент адпраўляе СМС-паведамленне з адказам і з яго рахунку здымаецца пэўная сума грошай. І разлічаны гэты спосаб менавіта на людзей пажылога ўзросту, якія выраслі ў атмасферы строгай дысцыпліны і абавязкова добрасумленна выконваюць усё тое, што ад іх патрабуецца. Дарэчы, паведамленняў «з падманам» вельмі многа і на розных інтэрнэт-форумах.

З іншага боку, усё-такі нацыянальныя аператары сотавай сувязі нясуць пэўную адказнасць за камфортнасць карыстання іх паслугамі. Напрыклад, у расійскіх аператараў, згодна з дзеючым заканадаўствам РФ, уведзена паслуга «Забарона кантэнта», якая прымушае кампаніі самастойна блакіраваць усе платныя SMS на кароткія нумары. Калі абанент усё-такі вырашыць адправіць паведамленне, то з яго рахунку не здымаюцца грошы, пакуль ён не пацвердзіць, што жадае аддаць камусьці 10 або 20 рублёў. У выніку колькасць і мабільных ахвяр, і такіх жа махляроў у нашых суседзяў рэзка скарацілася. Напэўна, цяпер яны вырашылі асвойваць беларускую сотавую прастору, бо айчынныя аператары, на жаль, падобную паслугу не аказваюць. Магчыма, на праблему звернуць увагу беларускія законатворцы і на дзяржаўным узроўні патрабуюць такім чынам абараніць грамадзян Беларусі ад падману.

Пакуль жа варта самому паклапаціцца аб уласнай мабільнай бяспецы. Моладзь часцей за ўсё выкарыстоўвае мабільны інтэрнэт-памочнік, з дапамогай якога вельмі лёгка кіраваць сваім балансам і кантраляваць, на якія паслугі «ляцяць» грошы.

Калі вы з інтэрнэтам «на вы», то можаце карыстацца кароткімі запытамі. Напрыклад, пры атрыманні чарговага СМС-паведамлення аб падключэнні новай сумніўнай паслугі, набярыце для абанента МТС *111*11#, а для Velcom — *141*2*2# і націсніце кнопку «Выклік». На ваш нумар аператар дашле СМС-паведамленне з пералікам дадатковых сэрвісаў, якія могуць аказвацца канкрэтнаму абаненту. І калі неабходнасці ва ўсіх або некаторых з іх няма, то можна звязацца з аператарам і папрасіць адключыць тыя ці іншыя.

Алег Сідарэнка

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *