У народных спевах умяшчаецца ўся жыццёвая мудрасць мінулых стагоддзяў. На працягу нашай слаўнай гісторыі, ва ўсе часы продкі стваралі фальклор, беражліва перадавалі нашчадкам культурныя здабыткі і тым самым захоўвалі нацыянальную ідэнтычнасць беларусаў. На радзіме народнага артыста Беларусі, фалькларыста Рыгора Раманавіча Шырмы шануюць яго спадчыну і працягваюць важную справу выдатнага сына Пружанскай зямлі.
У мінулую нядзелю ў райцэнтры адбылося адкрытае рэгіянальнае свята-конкурс вакальна-харавога мастацтва «Пеўчае поле», на які традыцыйна сабралася шмат таленавітых і творчых людзей.
Арганізатарамі мерапрыемства выступілі аддзел культуры Пружанскага райвыканкама, Пружанская раённая цэнтралізаваная клубная сістэма і гарадскі Палац культуры. Пачэсная місія вызначыць лепшых на конкурсе дасталася адміністрацыі культурных устаноў з Брэстчыны і Гродзеншчыны. Старшынёй журы быў абраны начальнік аддзела культуры Пружанскага райвыканкама Канстанцін Панімаш.
Урачыстасць сапраўды здзівіла сваім маштабам і ўзроўнем падрыхтоўкі выступоўцаў. Усяго ў музычным свяце прынялі ўдзел 47 творчых калектываў з Брэсцкай і Гродзенскай абласцей, якія выканалі па два рознахарактарныя творы. Гучалі песні беларускіх кампазітараў, мясцовы фальклор, апрацоўкі народных песень, духоўныя творы, прыпеўкі.
Вядома, судзейскай калегіі было няпроста вызначыць пераможцаў, але не толькі з-за вялікай колькасці заяўленых удзельнікаў. Задачу журы «ўскладняла» яшчэ і майстэрскае выкананне прадстаўленых кампазіцый. Кожны калектыў, кожны нумар быў адметным і непаўторным, таму ў некаторых намінацыях першае месца падзялілі паміж сабой адразу некалькі калектываў.
Паспяхова дэбютаваў на свяце-конкурсе народны Падлескі хор Падлескага сельскага Дома культуры ДУК «Ляхавіцкі РЦКС». Музычны калектыў разам з народным хорам «Вербніца» Пружанскага ГПК і хорам ветэранаў працы «Крынічанька» Ружанскага ЦКВЧ святкаваў перамогу ў намінацыі «Хары з народнай манерай выканання».
Выдатна падрыхтаваліся да мерапрыемства салісты ўзорнага хору «Вітанак» дзіцячай школы мастацтваў імя Р.Р. Шырмы г. Пружаны. Вялікі калектыў заслужана атрымаў перамогу ў намінацыі «Дзіцячыя хары».
Асабліва шчымліва слухаліся беларускія народныя песні ў выкананні дзяцей. Было ў гэтым нешта такое, што міжволі аб’ядноўвала прадстаўнікоў розных пакаленняў. Таму і выступоўцы ў намінацыі «Фальклорныя калектывы (дзіцячыя)», здаецца, спадабаліся ўсім без выключэння. Неверагодна моцнымі атрымаліся нумары пераможцаў — узорнага фальклорнага гурту «Чобаты» Ваўкавыскага ГДК, але… іх выступленне падалося занадта малым, хацелася б паслухаць іх чароўныя спевы даўжэй.
На жаль, у намінацыі «Хор з акадэмічнай манерай выканання» была пададзена толькі адна заяўка. Тым не менш журы высока адзначыла народны камерны хор ДШМ імя Р.Р. Шырмы і ўручыла дыплом I ступені.
Лепшымі ў намінацыі «Носьбіты фальклору» былі названы два калектывы: народны клуб аматараў фальклору «Магдаліна» Магдалінскага ДК, які падарыў публіцы песні, запісаныя ад мясцовых жыхароў Кобрынскага раёна, і народнае аматарскае аб’яднанне з вясёлай назвай «Вечарынка», удзельнікі якога займаюцца на базе Відамлянскага СДК.
А вось вакальны ансамбль «Амафор» Навазасімавіцкага СДК, які выканаў духоўныя творы, стаў адзіным пераможцам у намінацыі «Вакальныя ансамблі з акадэмічнай манерай выканання».
У намінацыі «Вакальныя ансамблі з народнай манерай выканання ў суправаджэнні інструментальнага ансамбля» прымалі ўдзел адразу 14 калектываў, восем з якіх былі адзначаны дыпломамі І ступені: народны ансамбль песні «Крушына» Хідрынскага ЦКВЧ Кобрынскага раёна, народны ансамбль народнай песні «Іванічы» Івацэвіцкага ГДК, ансамбль народнай музыкі і песні «Дубравіца» філіяла «Кобрынскае ўпраўленне магістральных газаправодаў», народны ансамбль народнай песні і музыкі «Сваякі» Бездзежскага СДК Драгічынскага раёна, народны ансамбль песні і музыкі «Зараніца» Магдалінскага ДК Кобрынскага раёна, народны ансамбль народнай песні «Рабіначкі» Стытычаўскага СДК Пінскага раёна, народны ансамбль народнай песні «Маладзіцы» Парахонскага СДК Пінскага раёна, народны вакальны ансамбль «Славяначка» філіяла «Сянькоўшчынскі ЦК» Слонімскага раёна.
Гледачы атрымалі сапраўдную асалоду і ад прафесіяналізму артыстаў у намінацыі «Вакальныя ансамблі з народнай манерай выканання ў суправаджэнні музычнай фанаграмы». Згодна з рашэннем журы, тут перамогу святкавалі вакальны гурт «Ваколіца» Ружанскага ЦКВЧ, народны ансамбль народнай песні «Зараначка» Драгічынскага ГДК, народны ансамбль песні «Жамчужына» Жамчужненскага СДК Баранавіцкага раёна, народны жаночы вакальны ансамбль «Сяброўкі» Івацэвіцкага ГДК, народны вакальны ансамбль «Землякі» Навазасімавіцкага СДК.
У намінацыі «Выканаўца прыпевак» пераможцай стала Валянціна Бартынёва — удзельніца народнага фальклорнага гурта «Бабіна лета» Ліноўскага СДК.
Таксама сапраўдным падарункам для прысутных стала запальнае выступленне народнага ансамбля песні і музыкі «Уладары» Ваўкавыскага гарадскога Дома культуры. Артысты весела танцавалі разам з публікай і забаўлялі народ, пакуль журы падводзіла вынікі конкурсу.
Гучна ліліся спевы «Пеўчага поля», і водгулле свята культуры і музыкі засталося ў сэрцы кожнага прысутнага.
Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік
Многа фота — у альбомах: https://vk.com/album-23306785_293195692 і https://ok.ru/budni/album/961523668104