У сярэдзіне кастрычніка бягучага года ўступяць у сілу змены, якія былі ўнесены ў Правілы дарожнага руху. Вадзіцелі і пешаходы рыхтуюцца, як кажуць, да жыцця ў новых умовах. Пераважная большасць новаўвядзенняў вітаецца, бо чакалі іх даўно. Аднак ёсць і такія, што ўжо зараз выклікаюць пытанні ў нашых чытачоў.
— Па-першае, новая рэдакцыя ПДР забараняе перавозіць нецвярозых пасажыраў на матацыкле або мапедзе. А быць, калі чалавек, напрыклад, выпіў чарку гарэлкі і яго па знешнім выглядзе нічога не бачна? Гэта азначае ўвогуле ўсім адмаўляць у перавозцы або вазіць з сабою «трубку»?
Па-другое, веласіпедыстам будзе дазволена не спыняючыся перасякаць праезную частку па пешаходным пераходзе. І без таго двухколавы транспарт стварае праблемы, а цяпер увогуле давядзецца ездзіць, нібыта па мінным полі. Веласіпедысту хопіць секунды, каб рэзка павярнуць на «зебру». Як паспець зрэагаваць?
Са званка ў рэдакцыю
Гэтыя новаўвядзенні мы папрасілі пракаментаваць начальніка аддзялення ДАІ Сяргея Мышкевіча.
— Аналізуючы дарожна-транспартныя здарэнні з удзелам матацыклістаў, адзначу, што наступствы іх найбольш цяжкія. І п’яны пасажыр сваімі неадэкватнымі паводзінамі можа справакаваць жудасную аварыю. Зразумела, што неадэкватнасць не ўзнікне пасля чаркі гарэлкі, а больш выпітае адразу бачна па чалавеку, і вадзіцель матацыкла павінен адмовіцца перавозіць яўна нецвярозага. У іншым выпадку да адказнасці будуць прыцягнуты і матацыкліст (мапедыст), і яго пасажыр, калі апошні не знаходзіцца ў бакавым прычэпе, што выведзена ПДР у выключэнне.
Што тычыцца веласіпедыстаў, то яны могуць перасякаць пешаходныя пераходы не спыняючыся, але пры ўмове, што не ствараюць аварыйную сітуацыю і не перашкаджаюць іншым удзельнікам дарожнага руху. Словам, веласіпедыст павінен пераканацца, што яго манеўр не пагражае сутыкненнем з аўтамабілем або пешаходам. Калі ён павярнуў рэзка пад колы, то будзе лічыцца віноўнікам у выпадку ДТЗ.
Падрыхтаваў Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік