Понедельник, 16 сентября 2024

Разбіраемся ў тым, для чаго патрэбна медыцынская страхоўка, разам з дырэктарам прадстаўніцтва «Белдзяржстраху» па Пружанскім раёне Ірынай Рапейка

500

Клопат кампаніі пра сваіх работнікаў — адзін з паказчыкаў высокага ўзроўню яе карпаратыўнай культуры. Адным са спосабаў дадатковага стымулявання работнікаў і пашырэння іх “сацыяльнага пакета” з’яўляецца добраахвотнае страхаванне медыцынскіх расходаў за кошт сродкаў наймальніка.

Пра аспекты падобнага страхавання — у нашай гутарцы з дырэктарам прадстаўніцтва РУСП “Белдзяржстрах” па Пружанскім раёне І.У.Рапейка.

— Ірына Уладзіміраўна, пачнём з самага галоўнага: якія праграмы медыцынскага страхавання работнікаў страхавая арганізацыя прапануе наймальнікам пры заключэнні дагавораў?
— Нашы праграмы ахопліваюць больш за 100 відаў страхавых паслуг па амбулаторна-паліклінічнай, стацыянарнай і аднаўленчай медыцынскай дапамозе, а таксама медыкаментозным і стаматалагічным забеспячэнні. Намі заключаны дамовы з больш чым 500 вядучымі дзяржаўнымі і прыватнымі медыцынскімі ўстановамі і навукова-практычнымі цэнтрамі Рэспублікі Беларусь. У прыватнасці, такімі папулярнымі, як “Нардзін”, “Навамед” і “ЛАДЭ”. Заключыўшы дагавор страхавання медыцынскіх расходаў, “Белдзяржстрах” бярэ на сябе абавязацельствы па абароне інтарэсаў кліентаў перад лячэбнымі ўстановамі і спецыялістамі, а таксама аплачвае ўсе выдаткі за медыцынскае абследаванне і лячэнне ў межах страхавой сумы.

— Хто з’яўляецца пярвічным звяном у страхавой трансакцыі?
— Гэта супрацоўнікі call-цэнтраў, якія забяспечваюць суправаджэнне дагавораў. Усе яны з’яўляюцца кваліфікаванымі работнікамі з медыцынскай адукацыяй, таму аператыўна і дакладна кансультуюць кліента і запісваюць яго да патрэбнага спецыяліста, што значна эканоміць час.

У далейшым спецыялісты “Белдзяржстраху” кантралююць якасць медыцынскіх паслуг, хутка рэагуюць і ўносяць карэкціроўкі ў працэс лячэння. А ў выпадку неабходнасці садзейнічаюць кліентам у арганізацыі медыцынскай дапамогі нават па нестрахавых выпадках.

— У цяперашніх рэаліях гэта, прызнацца, даволі прывабная перспектыва. Упэўнена, у раёне яе ацанілі многія. Вы можаце назваць аб’екты гаспадарання, якія ўжо застрахавалі сваіх работнікаў? Ці падобная інфармацыя з’яўляецца камерцыйнай тайнай?
— Такая інфармацыя не знаходзіцца пад грыфам “сакрэтна”. На сённяшні дзень з 14 сельгаставарыстваў раёна дагаворы страхавання медыцынскіх расходаў з намі ўжо заключыла 12. З прамысловых прадпрыемстваў найбольш актыўна супрацоўнічаюць з намі ДЛГУ “Пружанскі лясгас”, ААТ “Пружанскі завод радыёдэталяў”, КУВП «Камунальнік», ААТ “Пружанскі льнозавод” і філіял «Брэстэнерга» «Пружанскія электрасеткі».

— А якая агульная колькасць застрахаваных асоб па медыцынскіх выдатках на Пружаншчыне?
— Колькасць нашых кліентаў з кожным годам расце хуткімі тэмпамі. Калі яшчэ пяць гадоў таму па медыцынскіх выдатках за кошт наймальніка было застрахавана 189 чалавек, то на сённяшні момант заключана 22 дагаворы страхавання з колькасцю застрахаваных 2299 чалавек.

— Больш чым у 10 разоў?! Гэта, лічу, лепшае сведчанне якасці вашай работы.
— Так і ёсць. Спецыялісты раённага прадстаўніцтва РУСП «Белдзяржстрах» рэгулярна атрымліваюць станоўчыя водгукі ад людзей. І я сваім калегам вельмі ўдзячная за дакладную і зладжаную працу. Мы робім усё магчымае, каб нашы кліенты маглі своечасова атрымаць высокакваліфікаваную медыцынскую дапамогу.

— Дапускаю, што былі і незадаволеныя якасцю паслуг. Не таму, што ваша структура дзесьці не дапрацоўвае, а таму, што класічныя «скаржнікі» ёсць паўсюль.
— Вымушана прызнаць, што ў маёй практыцы сапраўды незадаволеныя кліенты сустракаліся. Магчыма, у кагосьці з іх і былі падставы на нас крыўдзіцца. Людзі скардзіліся на тое, што не маглі, напрыклад, датэлефанавацца ў выхадныя дні ў call-цэнтр, пры гэтым ігнаруючы той факт, што тэлефанавалі ў выхадныя дні, калі той не працуе. А вінаватымі засталіся… мы. Некаторыя кліенты, прымаючы спантаннае рашэнне, чакалі, што мы ўмомант запішам іх на прыём да ўрача. Але, прабачце, на ўзгадненне з урачэбным графікам патрабуецца пэўны час. Камусьці даводзіцца чакаць суткі, перш чым мы падбяром зручны час прыёму спецыяліста, а камусьці сапраўды шанцуе — і мы знаходзім «акенца» за лічаныя мінуты. Не ўсё ад нас залежыць.

— Магчыма, вашым кліентам мэтазгодней запісвацца на прыём да ўрача самастойна, абмінаючы call-цэнтр?
— Мы гэтаму не перашкаджаем, але наш кліент у гэтым выпадку павінен дакладна ведаць, што ўключае яго медыцынская праграма, каб у далейшым не атрымаць адмову ў аплаце медыцынскіх паслуг і лячэння. Мы дапамагаем спрасціць некаторыя тэхнічныя моманты. Кожная застрахаваная ў нас асоба атрымлівае персанальную медыцынскую пластыкавую картку, дзе пазначаны ўсе неабходныя для карыстання дадзеныя. Для зручнасці ажыццяўлення запісу на картцы маецца QR-код, пры сканіраванні якога чалавек адразу трапляе на сайт “Белдзяржстраху”, у раздзел падачы электроннай заяўкі. Пасля яе запаўнення ў кароткія тэрміны з кліентам звязваецца аператар і рэгулюе заяўку.

— Раблю вывад, што працэдура карыстання “бонусамі” медыцынскага страхавання сапраўды вельмі простая і даступная. Таму…
— Запрашаем усіх наймальнікаў застрахаваць сваіх работнікаў. Добраахвотнае медыцынскае страхаванне павялічыць у іх пачуццё абароненасці, знізіць цякучасць кадраў у арганізацыі, мінімізуе страты працоўнага часу на наведванне медыкаў. А галоўнае — павысіць прэстыжнасць працоўных месцаў і аўтарытэт самога работадаўцы на рынку працы.

Гутарыла Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік