У Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі ўнесены істотныя змяненні і дапаўненні, асобныя нормы аптымізаваны і прыведзены ў адпаведнасць з дзеючым заканадаўствам. Яны набудуць моц з 1 верасня 2022 года.

Пра тое, чаго чакаць і навучэнцам, і педагогам у наступным навучальным годзе, расказала начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Ірына Казарэз.
Вучоба круглы год
Змяняецца працягласць навучальнага года. Ён будзе доўжыцца з 1 верасня па 31 жніўня, а не па
31 мая, як раней.
Але гэта не нагода для хвалявання: вучыцца школьнікі па-ранейшаму будуць — 9 месяцаў.

А вось настаўнікі як працавалі, так і будуць працаваць летам. Нікуды не знікнуць дзіцячыя лагеры з абавязковым правядзеннем розных масавых мерапрыемстваў, у тым ліку адукацыйнага і выхаваўчага характару. А гэта значыць, што адукацыйны працэс фактычна будзе працягвацца і ўлетку.
Аптымізацыя відаў устаноў адукацыі
З дашкольнай адукацыі выключаны такі від, як яслі-сад. Застаецца тры віды: дзіцячы сад, санаторны дзіцячы сад і дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці.
Сыдуць у мінулае і вучэбна-педагагічныя комплексы «Дзіцячы сад-пачатковая школа», «Дзіцячы сад-базавая школа», «Дзіцячы сад-сярэдняя школа».

Гэта не азначае, што ВПК, запатрабаваныя ў сельскай мясцовасці, з 1 верасня 2022 года спыняць сваё існаванне. Яны будуць называцца проста: «пачатковая школа», «базавая школа» ці «сярэдняя школа». Усім ім будзе дадзена права рэалізоўваць праграму дашкольнай адукацыі.
Выключаны вучэбна-вытворчыя камбінаты, вячэрнія школы, аднак у сярэдніх школах могуць адчыняцца вячэрнія класы.
Замест цэнтраў дапрызыўнай падрыхтоўкі як асобнай структуры аднайменныя структурныя падраздзяленні могуць з’явіцца ва ўстановах адукацыі.
Дашкольная адукацыя на даму
З прыняццем новай рэдакцыі Кодэкса з‘явіцца магчымасць атрымліваць дашкольную адукацыю на даму.
Да пачатку наступнага навучальнага года будзе распрацавана адпаведнае нарматыўна-прававое забеспячэнне.

Пры гэтым захаваецца магчымасць атрымання дашкольнай хатняй адукацыі ў спалучэнні з заняткамі ў дзіцячых садах.
Мясцовыя органы ўлады змогуць мяняць нормы запаўняльнасці груп пры наяўнасці аб’ектыўных абставін і з дазволу санстанцый.
У школу з пяці год?
Сёння дзяцей прымаюць у школу па дасягненні імі шасці гадоў на пачатак навучальнага года. Дазваляецца прыём і ў пазнейшым узросце.

Згодна з новым Кодэксам, па заяве аднаго з законных прадстаўнікоў дзіцяці і пры наяўнасці рашэння педагагічнага савета будзе дапускацца прыём у першы клас дзіцяці, якому шэсць гадоў споўніцца да канца каляндарнага года.
У медыцынскай даведцы, якую гэтыя пяцігодкі атрымаюць перад паступленнем у школу, павінна быць указана, што яны гатовы да навучання. Рашэнне аб прыёме такіх дзяцей будзе прымаць педсавет.
Абавязковая агульная сярэдняя адукацыя
У мінулай рэдакцыі абавязковай была базавая адукацыя, а цяпер — сярэдняя, што зробіць выпускніка больш канкурэнтаздольным на рынку працы.

Аднак гэта не значыць, што пасля заканчэння 9 класаў школьнікі будуць абавязаны прадоўжыць навучанне і перайсці ў 10-ы клас школы.
Як і раней, яны змогуць прайсці праграму старэйшых класаў у прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных установах.
Патрыятызм і грамадзянскасць
Да мэтаў адукацыі, нараўне з інтэлектуальным, творчым, фізічным і прафесійным развіццём асобы, аднесена фармаванне патрыятызму і грамадзянскасці.
Педагогі будуць прывіваць павагу навучэнцаў да памяці абаронцаў Айчыны, закону і правапарадку, навучаць беражліва адносіцца да гісторыка-культурнай спадчыны і традыцый беларускага народа.

У новай рэдакцыі Кодэкса арганізацыя экскурсій, правядзенне якіх прадугледжана ў рамках засваення навучальных прадметаў, набывае абавязковы характар.
Інклюзіўны падыход у адукацыі
Ён дазволіць забяспечыць роўны доступ да атрымання адукацыі для ўсіх навучэнцаў.

У новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі ўлічваюцца індывідуальныя асаблівасці кожнага навучэнца, а не толькі вучняў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, для якіх ужо функцыянуюць інтэграваныя класы.
Новы від дадатковай адукацыі
Уводзіцца новы від дадатковай адукацыі — для адораных дзяцей і моладзі, накіраваны на выяўленне і развіццё ў вучняў здольнасцей да навукова-даследчай і вынаходніцкай дзейнасці.

Ён будзе рэалізоўвацца ў рамках адпаведнай рэспубліканскай праграмы Нацыянальным беларускім тэхнапаркам, які прадоўжыць на конкурснай аснове на абласным узроўні адбіраць адораных дзяцей.
Парадак прыёму ў 10-ы клас гімназіі і ў профільны 10-ы клас сярэдняй школы
Перайсці ў 10-ы клас гімназіі і ў профільны клас вучні змогуць толькі па конкурсе.
Будзе ўлічвацца сярэдні бал пасведчання аб агульнай базавай адукацыі і адзнакі па профільных прадметах, якія вучні будуць вывучаць на павышаным узроўні.
Новы від выпускнога іспыту
Гэтае новаўвядзенне ўступіць у сілу толькі з 2023 года, калі падставай для паступлення ў ВНУ будзе сертыфікат аб цэнтралізаваным экзамене. Яго выпускнікі будуць здаваць у школе.

Пасля гэтага трэба будзе прайсці яшчэ ЦТ па профільных прадметах. Напрыклад, на тэхнічныя спецыяльнасці будзе неабходны сертыфікат аб ЦЭ па рускай ці беларускай мове, а таксама матэматыцы. Пасля абітурыент здасць профільны прадмет у выглядзе ЦТ.
Цэнтралізаваныя экзамены ліквідуюць дубліраванне школьных экзаменаў і цэнтралізаванага тэсціравання па адных і тых жа прадметах.
Мэтавая падрыхтоўка
Калі раней яна распаўсюджвалася толькі на пэўныя населеныя пункты (чарнобыльскія, сельскія рэгіёны, гарады з насельніцтвам да 20 тыс. чал.), то цяпер такі дагавор можа заключыць арганізацыя-заказчык кадраў незалежна ад яе размяшчэння.

Гэтае палажэнне ўступіць у сілу ўжо з 1 сакавіка 2022 года.
Усяго новы Кодэкс уключае больш за 200 змяненняў і новых норм. Аднак асноўныя прынцыпы беларускай сістэмы адукацыі — даступнасць, якасць адукацыі, сацыяльныя гарантыі, інклюзія — застаюцца непарушнымі.
Падрыхтавала Алена Зялевіч