Чысціня з’яўляецца важным складнікам фізічнага і ментальнага здароўя, і пачынаецца яна не з абстрактнага ачышчэння думак, а з навядзення самага што ні на ёсць сапраўднага парадку на вуліцах населеных пунктаў. Менавіта дзеля добраўпарадкавання сваёй малой Радзімы працоўныя калектывы і жыхары Пружаншчыны далучыліся да рэспубліканскага суботніка.
З самай раніцы 22 красавіка работнікі прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў, жыхары раёна выйшлі на родныя вуліцы з мэтай іх добраўпарадкавання. Так, напрыклад, у самім райцэнтры запланаваныя загадзя работы вяліся на 25 розных лакацыях.
Традыцыйна шмат людзей было задзейнічана ў навядзенні парадку ў гарадскім парку.
На тэрыторыі спадчыны Швыкоўскага агульнымі намаганнямі было ўбрана сухое лісце, зачышчаны і пафарбаваны агароджа, агароджанні пешаходных мастоў, высечаны параснік і прыбрана смецце за трыбунамі і ў заходняй частцы стадыёна.
Да добраўпарадкавання Пружан далучыліся і работнікі райвыканкама: жанчыны разам з калектывам КУВП «Камунальнік» займаліся праполкай руж і высадкай браткаў і аўсяніцы на клумбах па вуліцы Р.Шырмы.
Моцная палова прадстаўнікоў улады разам са старшынёй райвыканкама Міхаілам Грышкевічам і старшынёй райсавета дэпутатаў Мікалаем Кудраўцом высякалі параснік і дрэвы, што былі ў аварыйным стане, па вуліцы Макаранкі.
Не засталіся ўбаку ад рэспубліканскага суботніка члены грамадскіх арганізацый. Пярвічкі «Белай Русі» і БРСМ наводзілі парадак на гарадскіх могілках.
Актыўныя работы вяліся на тэрыторыях Зеляневіцкага, Мокраўскага, Ружанскага, Хараўскога, Шаняўскога, Шарашэўскага і іншых сельсаветаў. Парадкі наводзіліся на тэрыторыі брацкіх магіл, помнікаў загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны па ўсім раёне, асаблівая ўвага была нададзена гісторыка-культурным каштоўнасцям, могілкам.
Увогуле ў рэспубліканскім суботніку прынялі ўдзел 13369 жыхароў Пружанскага раёна, было сабрана 37 тыс. рублёў. У Год міру і стварэння сродкі, атрыманыя падчас суботніка, пойдуць на рэканструкцыю мемарыяльнага комплексу вязням Азарыцкага лагера смерці і будаўніцтва Рэспубліканскага цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі на базе Кобрынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці.
Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік
Яшчэ больш фота — глядзіце ў альбомах у нашых групах «УКантакце» і на «Аднакласніках».