
На чарговым пасяджэнні райвыканкама разглядаліся два пытанні, якія тычыліся аховы працы, прафілактыкі вытворчага траўматызму, мерах па забеспячэнні бяспекі вытворчай дзейнасці. Таксама былі падведзены вынікі работы раённага звяна Брэсцкай тэрытарыяльнай падсістэмы дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый.
З рабочым візітам
Намеснік міністра па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, генерал-маёр унутранай службы Ігар Болатаў і начальнік Брэсцкага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Валерый Рудольф з рабочым візітам наведалі Пружаны.
Адбылася сустрэча з асабовым саставам Пружанскага РАНС. На нарадзе разглядаліся пытанні пажаранебяспечнай сітуацыі, якая мела месца ў краіне ў апошні час, прафілактыцы ўзгаранняў у дамах састарэлых, адзінокіх і адзінока пражываючых грамадзян.
Два пытанні —адзін сэнс
Як паведамлялася вышэй, адбылося чарговае пасяджэнне райвыканкама. У яго рабоце прынялі ўдзел намеснік міністра па надзвычайных сітуацыях Ігар Болатаў і начальнік абласнога ўпраўлення МНС Валерый Рудольф.
Старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч адзначыў, што два пытанні, вынесеныя на павестку дня пасяджэння, аб’яднаны адным сэнсам — бяспека працы і жыцця. Як гэта ажыццяўляецца на прадпрыемствах, у арганізацыях раёна, дакладваў начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Віталій Матвіенка.
На падставе даклада была прызнана недастатковай работа шэрага прадпрыемстваў раёна, большасць з якіх сельскагаспадарчага профілю. Даручана кіраўнікам у тэрмін да 1 мая гэтага года прааналізаваць стан аховы працы, распрацаваць план мерапрыемстваў па захаванні патрабаванняў заканадаўства аб ахове працы ў грамадстве і прыняць меры па яго выкананні. Былі дадзены і іншыя даручэнні.
Начальнік Пружанскага РАНС Павел Талстой далажыў аб выніках работы Пружанскага раённага звяна Брэсцкай тэрытарыяльнай падсістэмы дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый у 2024 годзе і задачах на 2025 год. Работа суб’ектаў прафілактыкі правапарушэнняў Пружанскага раёна па папярэджанні пажараў у жыллёвым фондзе ў 2024 годзе прызнана здавальняючай. Разам з тым дадзены даручэнні аб безумоўным выкананні алгарытму арганізацыі дзейнасці суб’ектаў прафілактыкі правапарушэнняў па папярэджанні гібелі людзей ад знешніх прычын у жыллёвым фондзе і многае іншае.
Ігар Болатаў заклікаў усе зацікаўленыя службы звяртаць асаблівую ўвагу на прафілактыку бяспечнай жыццядзейнасці састарэлых, адзінокіх і адзінока пражываючых грамадзян, аказваць ім неабходную дапамагу ў рамонце пячных прылад, электрычных прыстасаванняў і іншае.
Па ўсіх разгледжаных пытаннях прыняты адпаведныя рашэнні.
Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны МАСІК