Воскресенье, 19 января 2025

Разам з начальнікам інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Вольгай Дрозд разбіраемся ў навацыях Закона «Аб ахове навакольнага асяроддзя»

307

Сёлета Кіраўніком дзяржавы быў падпісаны Указ, які ўнёс шэраг змяненняў у Закон «Аб ахове навакольнага асяроддзя». Як паведамляе начальнік Пружанскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Вольга Дрозд, былі перагледжаны патрабаванні, якія прад’яўляюцца да ажыццяўлення гаспадарчай дзейнасці на землях краіны. У прыватнасці, устанаўліваюцца новыя стандарты, якія павінны выконвацца пры распрацоўцы перапраектнай (перадінвестыцыйнай) дакументацыі.

— У прыватнасці, вызначаны новыя патрабаванні пры прыёмцы і эксплуатацыі аб’ектаў, вывадзе іх з абароту з правядзеннем мерапрыемстваў па аднаўленні прыроднага асяроддзя, рэкультывацыі зямель і экалагічнай рэабілітацыі забруджаных тэрыторый, — кажа Вольга Міхайлаўна.

— А ці ёсць канкрэтныя змены, на якія кіраўнікам арганізацый і насельніцтву варта звярнуць асаблівую ўвагу?

— Навацыяй можна назваць увядзенне дадатковых нормаў, якія тычацца абясшкоджвання адходаў. Напрыклад, з мэтай папярэджання шкоднага ўздзеяння адходаў на навакольнае асяроддзе агаворваецца практыка выкарыстання мабільных установак, з дапамогай якіх са смецця можна здабываць дадатковыя энергарэсурсы.

Ёсць змяненні адносна ўладкавання пляцовак ці складоў для збору і захоўвання цвёрдых бытавых адходаў, згодна з якімі цяпер трэба складаць прадуманы праект, у якім прадугледзець адпаведную інфраструктуру аб’екта, транспартныя і інжынерныя камунікацыі.

Усё гэта накіравана на папярэджанне выпадкаў забруджвання тэрыторый. І тычыцца не толькі камунальных службаў. У прыватнасці, пад рамкі абноўленага прыродаахоўнага заканадаўства падпадаюць будаўнічыя і прамысловыя арганізацыі, якія павінны прадугледжваць уладкаванне спецыяльных месцаў для ўтылізацыі наступстваў тэхнагенных аварый.

— Вольга Міхайлаўна, зараз ужо «няўзброеным вокам» бачны змены ў клімаце Беларусі і нашага рэгіёна. Тэмпературныя анамаліі, рэгулярныя засушлівыя перыяды, нават частыя ўраганы прымушаюць задумацца аб ахове экалогіі. Ці адзначаецца гэта ў новых падыходах да аховы прыроды?

— Гэта прадугледжвалася і ў былым Законе, а новая яго рэдакцыя дадаткова звяртае ўвагу на нарматывы ўнясення хімічных сродкаў у глебу. Разам з тым, узмацняецца адказнасць за перавышэнне ліміту на пар-ніковыя выкіды ў атмасферу ў адпаведнасці з міжнароднымі абавязацельствамі, да якіх далучылася і Беларусь.

Такім чынам, юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі, чыя дзейнасць звязана з небяспечнай для навакольнага асяроддзя прамысловасцю, павінны скарачаць аб’ёмы выкідаў шкодных газаў або рэчываў шляхам укаранення найлепшых даступных тэхнічных метадаў.

— А што тычыцца кантролю за выкананнем новых патрабаванняў?

— Цяпер падтрымліваецца не толькі дзяржаўная кантралю-ючая дзейнасць, але і грамад-ская. У прыватнасці, абноўленае заканадаўства агаворвае каардынацыю дзейнасці прыродных інспекцый з грамадскімі арганізацыямі ў сферы аховы навакольнага асяроддзя. З улікам практыкі пашыраны і аптымізаваны доступ грамадзян да экалагічнай інфармацыі, дадзены вычарпальны спіс правоў грамадзян на спрыяльную экалогію. Акрамя таго, урэгуляваны механізмы ўдзелу грамадскасці ў абмеркаванні заключэнняў дзяржаўнай экалагічнай экспертызы да прыняцця канчатковага рашэння.

На маю думку, гэта вельмі важная акалічнасць, таму што на Пружаншчыне сталі часта выяўляцца стыхійныя смеццязвалкі на землях сельгаставарыстваў. Згодна з п. 5 арт. 3 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб абыходжанні з адходамі», адказнасць за чысціню тэрыторый нясуць землекарыстальнікі. Але кіраўнікі аграрных арганізацый нярэдка абураюцца, калі да іх прымяняюцца штрафныя санкцыі. Аднак яны маглі б прыняць меры процідзеяння шляхам выкарыстання фотапастак.

У дадатак, цяпер у заканадаўстве абумоўлены выключэнні, да прыкладу, калі землекарыстальнік не мае дачынення да смецця, то ён павінен на працягу пяці каляндарных дзён з моманту выяўлення смеццязвалкі паведаміць пра гэты факт у мясцовы выканаўчы орган (сельвыканкам). У такім выпадку адказнасць з юрыдычнай асобы здымаецца. Хаця і не вырашае праблем стыхійных выкідаў смецця. Вось тут нам бы дапамагло грамадскае нераўнадушша.

Гутарыў Алег Сідарэнка.

На здымках: стыхійныя сметнікі на тэрыторыі раёна.

Фота з архіва інспекцыі