Уборка збожжавых культур (без уліку кукурузы, грэчкі і проса, якія выспяваюць пазней) у раёне амаль завяршылася. Хлебаробы сабралі неблагі ўраджай, за што мы шчыра ім дзякуем.
Але не трэба забываць і пра яшчэ адну галіну: гэта льнаводства, якое для Пружаншчыны з’яўляецца важным фактарам папаўнення бюджэту. Ды і людзі на льнозаводзе працуюць не менш старанныя і адказныя, чым на збожжавых палетках.
У сонечныя дзянькі работа ў ільнаводаў кіпіць поўным ходам. Як упэўніліся карэспандэнты, яна адладжана да аўтаматызму, кожны ведае свой участак, стараецца адказна ставіцца да даручанай справы. Бо ведае: як спрацуеш — тое і атрымаеш.
На палетку каля аг. Вялікае Сяло па прыездзе карэспандэнтаў ішла нарыхтоўка насення льну. План на гэты сезон — 500 тон. На нарыхтоўцы было задзейнічана сем ачэсвальнікаў-абгортвальнікаў, якія сваімі тэмпамі ўборкі проста здзіўлялі.
Па словах дырэктара прадпрыемства Мікалая Жогала, нарыхтаванага насення будзе дастаткова для наступнай сяўбы, калі браць пад увагу той момант, што кожны год ільнозавод эксперыментуе з новымі сартамі льну, каб выбраць лепшы.
Калі насенне ўбрана, наступным этапам ва ўборцы льну ідзе прасаванне ў рулоны. За гэтай работай карэспандэнты назіралі на палетку каля в. Зеляневічы, дзе налічылі больш за 20 прэс-падборшчыкаў розных мадыфікацый. Стваралася такое ўражанне, што ты назіраеш за работай працавітых мурашоў, якім справы няма да старонніх, бо час не заўсёды працуе на цябе, а з работай трэба справіцца хутка і якасна. Мікалай Сцяпанавіч расказаў, што сярод усёй тэхнікі асабліва вылучаюцца прэсы «Depoortere». Яны больш магутныя і хуткаходныя, і адзін такі агрэгат за дзень можа выдаць да 200 рулонаў, што выгадна і для самога прадпрыемства.
Заключным этапам для льнаводаў, зразумела, з’яўляецца транспарціроўка рулонаў на завод. І такой зладжанай рабоце каля аг. Калазубы можна было толькі здзіўляцца. На палетку ў 380 га было задзейнічана на адвозцы 13 адзінак тэхнікі, сярод якой, канечне, пераважалі «МАЗы». Яны за адзін раз перавозяць больш за12 тон льнотрасты, ды і хуткасць перамяшчэння ў іх большая. Калі ехаць трэба далёка, робяць за дзень па чатыры рэйсы. А калі патрэбна дапамога ў тэхніцы, заўсёды выручае аўтапарк № 11 г. Пружаны.
Галоўнае, каб работа была наладжана па ўсім ланцужку вытворчасці на высокім узроўні, тады будзе і вынік, і годныя заработныя платы. Усё гэта маецца на льнозаводзе, тут кожны на сваім месцы, таму і справа робіцца зладжана, нават падчас уборкі паспяваюць дапамагчы калегам з усёй рэспублікі. Напрыклад, сёлета дапамогу ў церабленні аказвалі Крупскаму льнозаводу (Мінская вобласць), ААТ «Горкілён» (Магілёўская вобласць), працавалі і ў Ляхавіцкім і Драгічынскім раёнах роднай Брэстчыны.
Калі ўсё звезена з палеткаў на вытворчыя тэрыторыі, можна ўздыхнуць з палёгкай. Далей будзе крышку лягчэй. Але, па словах дырэктара льнозавода Мікалая Жогала, расслабляцца нельга, трэба думаць пра наступную сяўбу, як бы, здавалася б, далёка яна ні была.
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік