Пружаншчына павінна ведаць сваіх герояў, у тым ліку спартыўных. Менавіта таму на будынку Воднага палаца нядаўна з’явіўся банер з фотаздымкам Уладзіслава Макарэвіча.
У мінулым Улад — выхаванец аддзялення плавання пружанскай СДЮШАР № 2, які займаўся пад кіраўніцтвам Сяргея Каляды, цяпер — майстар спорту Рэспублікі Беларусь і член Нацыянальнай каманды. Зараз спартсмен трэніруецца ў брэсцкім цэнтры алімпійскага рэзерву па водных відах спорту і вучыцца на факультэце фізічнага выхавання і спорту БрДУ імя А.С. Пушкіна.
Фотаздымак Уладзіслава Макарэвіча суправаджае надпіс «Плыві да мары!» І, сапраўды, выхаванцы аддзялення па плаванні СДЮШАР № 2 дасягаюць значных поспехаў, пра што мы не раз пісалі на старонках газеты. Таму калі вашы дзеці жадаюць стаць прафесійнымі плыўцамі, пачніце з малага: запішыце іх у адпаведную секцыю нашай спартшколы.
Ёсць кім ганарыцца і ДЮСШ № 1 г. Пружаны. Гаворка зараз пра нашых землякоў-лёгкаатлетаў Анатоля Хоміча і Андрэя Літвіновіча. Нагадаем, што Анатоль стаў пераможцам ІІ Гульняў краін СНД у штурханні ядра і заваяваў сярэбраны медаль у кіданні дыска. А Андрэй — бронзавы прызёр Гульняў у забегу на 600 м. Банер з фота-здымкам хлопцаў упрыгожыў спартыўную залу першай спартыўнай школы.
Нагадаем, што цяпер хлопцы таксама навучаюцца ў цэнтры алім-пійскага рэзерву ў Брэсце, а да пераходу сюды вучыліся ў Шаняўской СШ імя М. Засіма і трэніраваліся ў ДЮСШ № 1 г. Пружаны пад кіраўніцтвам Яўгенія Данцова і Сяргея Чайкоўскага.
Такім чынам, дасягнуць спартыўных вяршынь можна таксама з дапамогай трэнераў ДЮСШ № 1, галоўнае — жаданне і вера ў свае сілы!
Уладзіслаў Шпарла