Воскресенье, 19 января 2025

Разабраліся, ці апраўданы нараканні на асартымент ружанскага ўнівермага

555

Падчас апошняга апытання, якое мы праводзілі ў Ружанах, адна рэспандэнтка паскардзілася на работу мясцовага ўнівермага, асартымент у якім, маўляў, асабліва зімовы, вымушае жадаць лепшага. «Тавар прывозяць толькі пад заказ, і тое, праз дзён дзесяць», — адзначыла жанчына.

І вось мы адправіліся па ўражанні і пакупкі ва ўнівермаг. Што кінулася ў вочы пры ўваходзе? Некалькі аб’яў пра традыцыйныя сезонныя акцыі, якія тут праводзяцца з такой жа перыядычнасцю, як і ў пружанскім універмагу. Побач — інфармацыя пра выгадныя крэдытныя прапановы на 3 і 6 месяцаў з першапачатковым узносам 20 і 30 працэнтаў адпаведна.

У першай секцыі мы звярнулі ўвагу на дастаткова разнастайны асартымент гаспадарчых тавараў. Як і ў Пружанах, тут можна купіць самыя неабходныя рэчы для дома: ад посуду да пасцельнай бялізны. Больш сціпла, праўда, выглядае аддзел канцылярскіх тавараў.

Што насамрэч расчаравала (але чамусьці не здзівіла), дык гэта секцыі адзення і абутку. Сумна, шэра, пуста — першая думка, якая прыйшла ў галаву.

Мы папрасілі ў спецыялістаў Пружанскага райспажыўтаварыства растлумачыць сітуацыю.

Па словах начальніка ўчастка рознічнага гандлю Вольгі Яскуновай, на сёння ў магазіне «Прамтавары»
г.п. Ружаны згодна з асартыментным пералікам, у наяўнасці прадстаўлены ўвесь тавар. План паступлення на студзень быў выкананы на 115 працэнтаў.

— Паступіла тавараў на суму 20,5 тыс. рублёў пры плане 17,7 тыс.рублёў. З іншага боку, нарматыў таварных запасаў для магазіна складае 60 дзён, а фактычна ў наяўнасці тавару — на 472 дні (у суме складае 181,2 тыс. рублёў), — кажа жанчына.

Канечне, тэрміналогія таваразнаўчай справы даволі спецыфічная. А калі казаць простай мовай, мы зразумелі наступнае: тавараабарот у ружанскім універмагу знізіўся, тавар не рэалізоўваецца ў патрэбнай колькасці, а значыць, залежваецца. Аднак спажыўцам варта разумець, што абутак і адзенне — гэта не каўбаса ці малако. Завозіць дадаткова патрэбны пакупнікам асартымент гэтай катэгорыі тавараў не ўяўляецца магчымым: гэта эканамічна не мэтазгодна, патрабуе вялікіх матэрыяльных рэсурсаў. Таму адзінае выйсце ўнівермага — гэта працаваць па заяўках.

Дарэчы, у ружанскім магазіне, як адзначылі ў райспажыўтаварыстве, працуюць кваліфікаваныя прадаўцы, якія ведаюць сваю справу і ў цяперашніх працоўных рэаліях імкнуцца як мага лепш задавальняць патрэбы пакупнікоў. Для зручнасці разлікаў магазін абсталяваны плацежным тэрміналам.

Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік