З 25 лістапада на працягу шасці дзён у зале ДЮСШ № 1 праходзілі спаборніцтвы па валейболе сярод работнікаў арганізацый, устаноў і прадпрыемстваў г. Пружаны, якія праводзіў РФСК «Мухавец». У турніры бралі ўдзел каманды райвыканкама, ААТ «Пружанскі малочны камбінат», ПМК-21, КУВП «Камунальнік», райаддзела па надзвычайных сітуацыях. Па рэгламенце спаборніцтваў у адной камандзе на валейбольнай пляцоўцы маглі гуляць чацвёра мужчын і дзве жанчыны або трое мужчын і трое жанчын, што надавала паядынкам асаблівую нотку.
З першых дзён спаборніцтваў лідарства захапіла каманда «Камунальніка», за ёй крочылі каманды РАНС і малочнага камбіната. Нібыта вынік быў ужо зразумелы і ўсе чакалі вырашальнай гульні паміж камандамі «Камунальніка» і малочнага камбіната, якая павінна была адбыцца 2 снежня. Але пачакайце: і выратавальнікі не хацелі здаваць свае пазіцыі. У захапляльнай гульні паміж камандамі РАНС і малочнага камбіната 30 лістапада яны ўпэўнена і неяк спакойна выйграюць дзве першыя партыі, але далей пачынае адбывацца самае цікавае. На валявых якасцях, на добрым узаемаразуменні працаўнікі «малочкі» літаральна «вырываюць» трэцюю партыю, потым чацвёртую, і ўжо на куражы выйграюць пятую! Нялёгкая перамога з лікам 3:2 змяніла прыярытэты.

У суботу валейбалістаў малочнага камбіната чакалі дзве гульні. Калі з камандай райвыканкама яны згулялі ўпэўнена, выйграўшы 3:0, то з «Камунальнікам» была напружаная барацьба. Доказам таму паслужыла першая прайграная партыя. Але гульцы «малочкі» ўжо паказалі, што яны — загартаваныя байцы, змагаючыся за кожны мяч, у трох наступных партыях каманда здолела перамагчы.

Такім чынам, канчатковыя вынікі спаборніцтваў па валейболе: першае месца ў ААТ «Пружанскі малочны камбінат», на другім —каманда КУВП «Камунальнік», трэцяй стала каманда РАНС. Узнагароджанне пераможцаў і прызёраў праводзіў намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч. Каманда-пераможца была ўзнагароджана кубкам, граматай і медалямі РФСК «Мухавец», прызёры — граматамі і медалямі.
Як адзначыла дырэктар РФСК «Мухавец» Вікторыя Шаманава, гэты турнір праводзіўся ў рамках праекта «Пружаны — здаровы горад».

— Падобныя спаборніцтвы закліканы стымуляваць людзей да рухомых гульняў, фізічных актыўнасцяў, якіх часта не хапае пры цяперашнім ладзе жыцця. Гэта спрыяе і ўмацаванню калектываў знутры, таму што можа гуляць як і кіраўнік, так і падначаленыя, — лічыць Вікторыя Віктараўна. — Добрым прыкладам стала каманда райвыканкама, капітанам якой быў намеснік старшыні. Хоць яна і не заняла прызавога месца, але паказала ўзор згуртаванасці і зладжанасці, імкнення да здаровага ладу жыцця. Хочацца, каб члены ўсіх працоўных калектываў надавалі ўвагу свайму здароўю і фізічнай актыўнасці. Мы спадзяёмся, што ў наступным годзе яшчэ больш арганізацый далучыцца да турніру.
Валерыя Адамчук, студэнтка журфака БДУ.
Фота аўтара